«Расею памножылі на нуль. Трэба ісці на нестандартныя рашэнні», – армянскі эксперт пра сітуацыю на Каўказе


Пакуль Расея ваюе з Украінаю, Масква падстаўляе свайго хаўрусніка на Каўказе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Азербайджан зайшоў у вёску Фаруг у Карабаху, дзе раней былі расейскія ўзброеныя сілы, і выдаў пстрычку расейскаму Міністэрству абароны:

«Выкарыстанне назвы “Нагорный Карабах” у заявах Мінабароны Расеі ад 26 і 27 сакавіка ёсць непавагай да тэрытарыяльнай цэласнасці Азербайджанскай Рэспублікі, прызнанай і прынятай міжнароднай супольнасцю, у тым ліку Расейскай Федэрацыяй», – гучыць у заяве Мінабароны Азербайджану ад 27 сакавіка

Армянскі эксперт зазначае: гэта расейцы справакавалі ўваход азербайджанскіх вайскоўцаў у вёску, пераканаўшы адступіць сілы мясцовай самаабароны.

«Армянскі бок з незразумелых для мяне прычынаў даверыўся словам расейцаў. Армяне адышлі. Жыхары вёскі распавядаюць, што прыблізна 100 азербайджанскіх вайскоўцаў у прысутнасці расейскіх войскаў прыходзяць у вёску і там замацоўваюцца», – гаворыць Рубэн Мэграб’ян з Армянскага інстытуту замежных стасункаў і бяспекі.

Вайсковы адмысловец Юрый Фёдараў звяртае ўвагу: ёсць інфармацыя, што Расея выводзіць частку войскаў з базаў у Карабаху, Арменіі ды Таджыкістане:

«Баявыя падраздзяленні, якія не займаюцца гаспадарчаю дзейнасцю, былі кінутыя на ўкраінскі фронт».

Новая рэчаіснасць змусіла дэмакратычную Арменію шукаць іншых шляхоў ратунку ад Азербайджану, дзе пануе дыктатура. 12-га сакавіка мела месца сустрэча міністраў замежных справаў Арменіі ды Турцыі.

«Калі Расею памнажаюць на нуль, ствараецца вакуум бяспекі ў рэгіёне і трэба выходзіць на нестандартныя рашэнні, у тым ліку прамыя кантакты з Анкарою. Пажадана было б усталяваць кантакт і з Баку», – мяркуе Рубэн Мэграб’ян.

Пасля правалу расейскага бліцкрыгу Масква пачала гаварыць пра вербаванне байцоў у Лівіі ды на Блізкім Усходзе. Баяздольнасць такіх наёмнікаў пад вялікім пытаннем, як і свежых расейскіх прызыўнікоў.

«Сёння з’явілася інфармацыя ўкраінскае выведкі, што фактычна з 1 красавіка Расея, хутчэй за ўсё, будзе праводзіць скрытую частковую мабілізацыю найперш свайго рэзерву. Лік гэтага кантынгенту, які расейцы могуць заклікаць, – да 100 тысячаў чалавек», – кажа вайсковы эксперт з Кіева Ігар Леўчанка.

Юрый Фёдараў дадае: ганебная вайна ва Украіне стварае перадумовы для сепаратызму ў самой Расеі. І гаворка не толькі пра незалежнасць паняволеных народаў, але і падзелы паводле рэгіянальнае прыкметы:

«У Сібіры адносіны такія: тое, што на захад ад Уралу, – гэта Расея, а мы не зусім Расея. Дык чаму мы павінны цярпець ад гэтых санкцыяў? І ўзнікае пытанне, як можна і ці магчыма адмежавацца ад Масквы».

Пакуль ніякіх публічных праяваў сепаратызму ў Расейскай Федэрацыі не было заўважана.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат».