Нурсултан больш не кіраўнік «Нур Атан»


Нурсултан Назарбаеў больш не кіраўнік партыі «Нур Атан». Пазачарговы з’езд самай вялікай партыі Казахстану пераабраў старшыню. З моманту заснавання – з 1999 года – ім быў Назарбаеў. Цяпер ягонае месца заняў дзейны прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў. Ці памяняецца нешта ў структуры партыі, яе назве і палітычнай стратэгіі? Высвятлялі мае калегі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Амаль 23 гады з нязменным лідарам. Партыя «Нур Атан» зʼявілася на свет 12-га лютага 1999 года дзякуючы Нурсултану Назарбаеву. І вось сёння аднагалосна 389 дэлегатаў пазачарговага зʼезду прагаласавалі за змену старшыні. Партыю ўзначаліў другі прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў.

«Разумеючы, што нашая краіна ўступіла ў вельмі складаны этап свайго развіцця, я з удзячнасцю прымаю прапанову ўзначаліць партыю «Нур Атан». Гэтае рашэнне прадыктаванае гатоўнасцю прыступіць да працы дзеля трансфармацыі партыі і кансалідацыі ўсяго грамадства», – заявіў прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў.

Зʼезд прайшоў у дыстанцыйным фармаце онлайн, як і зʼяўленне Елбасы народу. Сёлета гэта першае зʼяўленне Назарбаева не ў запісы.

«Кіраваць партыяй павінен чалавек вылучаны ёю і падтрыманы на прэзідэнцкіх выбарах. Сёння пад кіраўніцтвам прэзідэнта Казахстану рэалізуецца комплекс найважнейшых палітычных і эканамічных рэформаў», – кажа першы прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаев.

Ці будуць палітычныя рэформы ў Казахстане пры Такаеве, якога падтрымлівае самая вялікая партыя краіны? У шэрагах «Нур Атану» – 836 тысяч казахстанцаў з 18-ці мільёнаў жыхароў краіны.

«Такаеў атрымаў у спадчыну дастаткова гатовую аўтарытарную архітэктуру. Яму трэба цяпер выбудаваць новыя нефармальныя сувязі. Я мяркую, што стымулу для рэформаў у яго няма, а стымулы для кансалідацыі пераважаюць на дадзены момант, таму, на жаль, Казахстан можа пайсці па другім вітку аўтарытарнай кансалідацыі ўлады», – адзначае палітолаг Дымаш Альжанаў.

«Святло Айчыны» – так перакладаецца назва партыі з казахскай. Спачатку партыя называлася проста «Атан» – Айчына. А ў снежні 2006 года да яе дадалі прыстаўку Нур. Гаворым Нурсултан – маем на ўвазе «Нур Атан». Цяпер не маем на ўвазе і не гаворым.

«Тоўстая кропка была пастаўленая ўжо ў студзені, калі Такаеў ссунуў Назарбаева з пасады кіраўніка Савету бяспекі. Ужо тады было зразумела, што нават праз кіроўную палітычную партыю Назарбаеў уплываць больш не можа», – кажа палітолаг Віктар Каўтоноўскі.

Такаеў ужо сёння загаварыў аб неабходнасці зменаў у «Нур Атане». Спатрэбяцца не касметычная карэктывы, а радыкальная перабудова ўсёй работы партыі – заявіў новы старшыня. Умацаваць салідарнасць, павысіць эфектыўнасць, перагледзець і аптымізаваць структуру – гучалі даручэнні з галоўнай трыбуны краіны. Ці будзе Такаеў мяняць назву партыі або прыбіраць светлую яе частку, якая асацыюецца ў насельніцтва ў першую чаргу з Назарбаевым, пакуль не вядома.

«У аўтарытарных сістэмах партыі функцыянуюць трошкі паводле іншага прынцыпу. Гэта значыць, яны не ёсць арганізацыямі, якія змагаюцца за ўладу, а ёсць патранажнымі структурамі. З гледзішча аўтарытарнага прэзідэнта Такаеву, магчыма, давядзецца змяніць шыльду, але захаваць саму структуру», – дадае палітолаг Дымаш Альжанаў.

Праўда, Такаеў адразу ж на зʼездзе заявіў, што кіраўнік дзяржавы павінен быць роўнааддалены ад дзейнасці любых партыяў і рухаў, і загаварыў аб магчымасці сысці з пасады старшыні да канца года. Зрэшты, нам вядомы прыклад суседзяў, калі партыю «Адзіная Расея» дэ-юрэ не ўзначальвае Уладзімір Пуцін, але дэ-факта застаецца яе лідарам.

Наста Печанькова, Ігар Віняўскі, «Белсат»