У Беларусі працягваюцца масавыя звальненні


Хлебазаводы, універсітэты, фабрыкі, камбінаты – навіны пра масавыя звальненні на дзяржаўных прадпрыемствах прыходзяць да нас у бот некалькі разоў на тыдзень. Працадаўцам спускаюць спісы з прозвішчамі нядобранадзейных.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Івана звольнілі са Жлобінскіх электрасетак, ён быў начальнікам падстанцыі.

«Гэты спіс быў са Жлобінскага раённага камітэту, там былі прозвішчы. Там былі намеснік дырэктара і начальнік службы. Прыйшоў спіс тых, хто трапіў у хапун, гэтыя людзі нават не былі асуджаныя паводле 23.34», – кажа звольнены са жлобінскіх электрасетак Іван Ідрылюнас.

Кіраўніцтва настойвала на тым, каб Іван сам напісаў заяву, прычына – артыкул 23.34. Іван запісаў размовы са сваім кіраўніком Паўлам Путырскім:

«Ху…ва справа ў нас. З тваім бл… гэтым пратаколам. Неяк цябе страцілі са спісаў, а потым знайшлі. Самае цікавае, у цябе хоць пратакол ёсць. У мяне трое наогул без пратаколаў, а чацвёрты за п’янку».

Паводле Белстату, у кастрычніку 2021 года звольнілі 63 065 асобаў. За кастрычнік летась – на 7 тысячаў менш. У жніўні 2021-га звольніліся амаль 95 тысяч работнікаў, годам раней – на 34 тысячы менш. Масавыя звальненні будуць мець некалькі наступстваў.

«Па-першае, зразумела, што гэта выбівае цэлы шэраг людзей з нармальнага стану. Гэта эканамічная, сацыяльная праблема, гэта пэўная маргіналізацыя. Значна большы эфект гэта будзе мець пазней, таму што сыходзяць людзі, якія актыўныя, накіраваныя на развіццё, якія могуць шукаць развязанні ў складаных сітуацыях», – кажа сацыёлаг Таццяна Вадалажская.

Масава звальняюць і высокакваліфікаваных работнікаў, якіх замяніць складана. У медыцыне ўжо назіраецца дэфіцыт кадраў. Паводле звестак Фонду медычнай салідарнасці, за 2021 год да іх па дапамогу звярнуліся 180 медыкаў, звольненых з палітычных матываў. Каб атрымаць рэальную лічбу, паводле фонду, гэтую колькасць трэба павялічыць у разы.

«Я адпрацавала ў Беларусі больш за 10 гадоў у ахове здароўя. У мяне былі шырокія знаёмствы. І сёння, калі да мяне звяртаюцца сябры і сваякі з пытаннем, дзе мне палячыцца, я адказваю: я не ведаю. Шмат якія праблемы ў Беларусі ўжо развязаць немагчыма», – кажа каардынатарка фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка.

Праблему недахопу працаўнікоў прызнаюць і наверсе. Днямі Наталля Качанава заявіла:

«Зусім нядаўна мы былі на заводзе жалезабетонных канструкцыяў, а дырэктар кажа: “Мне б яшчэ сто чалавек – кваліфікаваных рабочых…” І такая сітуацыя складваецца на шэрагу прадпрыемстваў нашага гораду».

Але спісы на звальненні працягваюць паступаць.

«Цяпер у спісах, паводле маёй інфармацыі, таксама людзі топавыя. Гэта гады практыкі. Гэта людзі топавыя. Я тут маю зносіны з хлопцамі-беларусамі, усе разумныя, таленавітыя. Самае крыўднае, што чым даўжэй я тут застаюся, тым менш я хачу вярнуцца назад», – кажа звольнены са жлобінскіх электрасетак Іван Ідрылюнас.

Але ж афіцыйна Міністэрства працы паведамляе, што беспрацоўе з кожным месяцам падае.

Алена Дубовік, «Белсат»