Што чакае беларусаў у 2022 годзе


Белстат сцвярджае, што дабрабыт беларусаў паляпшаецца. Гэтак, колькасць людзей, якія жывуць меней чым на 500 рублёў, зменшылася на 14 адсоткаў сёлета ў параўнанні з папярэднім годам. А вось лік тых, хто мае больш за 1000 рублёў, вырас на 6 адсоткаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Аднак эканаміст Леў Марголін прапануе глядзець на гэтыя лічбы іначай:

«Існуе такі паказнік, як медыянная зарплата. Калі становішча ў эканоміцы добрае, то яна набліжаная да сярэдняй зарплаты. Але ў Беларусі пры сярэдняй зарплаце больш за 1400 рублёў, медыянная зарплата складае менш за 1000, дзесьці 950. І гэта сведчыць аб тым, што багацейшыя становяцца яшчэ багацейшымі, а бяднейшыя застаюцца беднымі, як і былі».

Эканамічны рост у 2021 годзе быў за кошт пазітыўнай дынамікі прадпрыемстваў, калі працавала дрэваапрацоўка, хімічная і нафтавая прамысловасць, зазначае Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса:

«Гэта нельга было так праесці, каб увогуле не было адчувальна ў эканоміцы. І нават, калі гэта і было праедзена, то гэта ідзе ў ВУП і лічыцца як рост эканомікі».

Паводле апытання Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру BEROC, траціна беларусаў вымушаная выбіраць прадукты ў крамах і эканоміць на харчах. Звязана гэта як з падвышэннем коштаў на тавары, так і з рэальным эканамічным становішчам людзей.

«Калі прадукты харчавання растуць, калі нам даводзіцца кожны месяц выдаткоўваць на іх пакупку ўсё больш і больш грошай, то нам не важныя тыя звесткі, якія нам дае статыстычны камітэт, для нас важна, што мы бачым у сваім гаманцы», – падкрэслівае Леў Марголін.

Налета беларусаў чакаюць новыя выдаткі: вырастуць цэны камунальных паслуг. З’явіцца новы падатак для фізічных асобаў з продажу сабраных ягадаў і грыбоў, падвысіцца падатак і для рамеснікаў.

«Ніхто не спадзяецца, што прыйдуць нейкія інвестары, што будзе нейкае інавацыйнае развіццё. Проста з тых прадпрыемстваў, з тых людзей, якія плацяць, больш выціскаць няма чаго, айцішнікі таксама ўцякаюць, іх будзе менш. Таму трэба далучыць… кожнага беларуса падключыць. З кожнага беларуса па нітцы – для АМАПу новы “Мерседэс”», – тлумачыць Яраслаў Раманчук.

Для неабароненых катэгорыяў насельніцтва Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю абяцае дамовіцца з гандлёвымі арганізацыямі пра зніжкі на сацыяльна значныя тавары, сярод якіх: хлебная, малочная і мясная прадукцыя, гародніна і садавіна, кансервы для дзяцей ды іншыя. Чакаць жа пазітыўнай дынамікі ў эканоміцы, падкрэсліваюць адмыслоўцы, наўрад ці варта, бо не будзе галоўнага чынніка – інвестыцыяў – ды запрацуюць санкцыі.

Марыля Дакуцька, «Белсат»