Масква пагражае атакаю на Украіну

Расея працягвае трымаць буйную групоўку войскаў на мяжы з Украінай – у поўнай боегатоўнасці. Хоць раней былі паведамленні пра адвод некаторых падраздзяленняў у вайсковыя часткі. Пры гэтым расейскі міністр замежных справаў заяўляе, што краіны Захаду нібыта рыхтуюць «маленькую вайнушку» ва Украіне, каб потым увесці санкцыі супраць Расеі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Падраздзяленні паветранай абароны Заходняй вайсковай акругі Расеі ў панядзелак адбілі масаваны авіяўдар умоўнага праціўніка па стратэгічных аб’ектах, а таксама сутыкнуліся з варожымі выведна-дыверсійнымі групамі. У вучэннях у Варонежскай вобласці, якая мяжуе з Харкаўскаю вобласцю Украіны, задзейнічалі 1000 вайскоўцаў і 200 адзінак баявой і спецыяльнай тэхнікі. Гэта ўсяго адзін эпізод канцэнтрацыі расейскіх войскаў непадалёк Украіны.

Манеўры суправаджаюцца агрэсіўнымі заявамі шэрагу дзяржаўных дзеячаў у Расеі.

«Украінцы – наш народ і наша тэрыторыя. Я пасля Крыма казаў, што трэба забраць Кіеў. Калі будзе існаваць Кіеў, то для заходніх краінаў еўрапейскіх будзе месца змагацца за права тэрыторыі. У іх ёсць інтарэс паставіць туды свае вайсковыя базы, і пасля гэтага дыктаваць умовы нашай дзяржаве… Нібыта мы хочам напасці на Украіну. Я скарыстаў момант, і праверыў, наколькі боегатовыя нашыя працаўнікі (сілавых структураў), тэхніка, зброя, форма вопраткі», – заявіў падчас вялікай прэс-канферэнцыі Рамзан Кадыраў, кіраўнік Чачэнскай рэспублікі РФ.

Асноўная мэта ваенна-палітычнага ціску – прымусіць Злучаныя Штаты адрэагаваць на патрабаванні Крамля і падпісаць дакумент «Аб гарантыях бяспекі» паміж Расеяй і ЗША ды паміж Расеяй і NATO. Афіцыйная Масква называе Украіну, Грузію ды іншыя былыя савецкія рэспублікі безгаспадарнаю прастораю, дзе Расея мае «жыццёва важныя інтарэсы». А таму патрабуе спыніць любую супрацу блоку NATO з постсавецкімі краінамі, падзяліць Альянс на старых і новых чальцоў ды кансультавацца з Масквой адносна перасоўвання войскаў. Калі ўмовы не будуць прынятыя, у Міністэрстве замежных справаў Расеі, сярод іншага, не выключаюць ракетна-ядравага крызісу, падобнага на Карыбскі крызіс між ЗША і Савецкім Саюзам. Але на новай ваенна-тэхнічнай базе.

«Мы мусім пакласць канец прасоўванню НАТО, натаўскай інфраструктуры і натаўскім магчымасцям далей на Ўсход. Мы мусім выключыць уступленне Украіны ў НАТО», – патлумачыў пазіцыю афіцыйнай Масквы Сяргей Рабкоў, намеснік міністра ўнутраных справаў Расеі.

У Злучаных Штатах не плануюць дамаўляцца аб стасунках між Расеяй і NATO без удзелу еўрапейскіх партнёраў і саюзнікаў. І ацэньваюць 100-тысячную групоўку расейскіх войскаў ля Украіны як пагрозу агульнай бяспецы.

«Мы вядзем непасрэдную размову з Расеяй. Мы вельмі дакладна далі зразумець, што Расея мусіць устрымацца ад атакаў на суверэнітэт Украіны, што мы мусім устаць на абарону яе тэрытарыяльнай цэласнасці. Мы цесна працуем з нашымі саюзнікамі ў гэтай справе, і мы вельмі ясна заявілі, што гатовыя ўвесці санкцыі, якіх вы раней не бачылі», – патлумачыла віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Гэрыс.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг прапанаваў прызначыць на пачатак студзеня паседжанне рады Расея – NATO – першае за 2 з паловаю гады. Пры гэтым Сяргей Лаўроў заявіў, што стасункі з блокам Расея можа назваць варожымі:

«Са Злучанымі Штатамі мы будзем праводзіць асноўны раўнд перамоваў, які адбудзецца адразу пасля навагодніх канікул».

Тым часам Украіна ўмацоўвае межы з Беларуссю і Расеяй. У Харкаўскай і Луганскай вобласці за гэты год збудавалі 100 кіламетраў агароджы з калючым дротам.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама