Лукашэнка можа кіраваць да 2035 года


Імунітэт на ўсе здзейсненыя пры ўладзе злачынствы хоча атрымаць Лукашэнка пасля лютаўскага канстытуцыйнага рэферэндуму. Праект абноўленага галоўнага Закону краіны ўрэшце апублікавалі. У дакумент унеслі артыкул пра абранне чарговага прэзідэнта на максімум два тэрміны. Балатавацца можа і Лукашэнка. Выкраслілі фармулёўку пра імкненне Беларусі да нейтралітэту.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Некалькі дзён да Новага года. Калі ў думках цукеркі і шампанскае, палітычны рэжым выклаў у сеціва праект Канстытуцыі – для ўсенароднага азнаямлення. Чытаць яго не будуць яшчэ па адной прычыне, якую назваў дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька:

«Таму што ёсць крэдытная гісторыя… 27 гадоў за плячыма, калі Канстытуцыя не працавала – бальшыня яе артыкулаў. А ў апошнія 2 гады яна ўвогуле выведзеная з прававога абароту ў Беларусі. Таму ніякім чынам жыццё шараговага беларуса і Канстытуцыі – не перасякалася».

Анатоль Лябедзька запэўніў, што датычныя грамадзянскіх правоў і свабодаў артыкулы Канстытуцыі не будуць дзеяць і ў новай рэдакцыі. Апублікаваны на прававым партале дакумент пакідае нязменнаю і асноўную структуру палітычнага кіравання, з захаваннем улады за фігураю Лукашэнкі. Наступныя кіраўнікі Беларусі не змогуць балатавацца больш чым 2 разы.

«То бок калі Лукашэнка будзе вылучацца зноў у 2025 годзе, то ён будзе кіраваць краінаю наступныя 10 гадоў. Канешне, праблема. Згодна з чаканнямі, новая Канстытуцыя мелася нейкім чынам не дазволіць Лукашэнку балатавацца», – канстатаваў палітолаг Павел Усаў.

Палітолаг Павел Усаў дэталёва прааналізаваў новы праект. Вартым увагі лічыць увядзенне двух новых палітычных інстытутаў – Рады Бяспекі і Усенароднага беларускага сходу. Апошні атрымае паўнамоцтвы назначаць суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага суда, а таксама фармаваць Цэнтральную выбарчую камісію. Прэзідэнт жа – атрымлівае імунітэт.

«Прэзідэнт, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, не можа быць прыцягнуты да адказнасці за дзеянні, учыненыя ў сувязі з ажыццяўленнем ім прэзідэнцкіх паўнамоцтваў», – прапанавана ў праекце.

Кіраўнік рэжыму прапануе беларусам пагадзіцца з тым, што ён не панясе адказнасці за безліч злачынстваў, здзейсненых дзеля захавання ўлады і самаабагачэння: фальсіфікацыя выбараў, забойствы, злачынствы супраць чалавечнасці і гэтак далей. Ёсць яшчэ некалькі небяспечных момантаў. Выкраслілі фармулёўку пра тое, што Беларусь імкнецца быць нейтральнаю дзяржавай.

«Гэта перадусім для Расеі. Таму што там заява, што «тэрыторыя Беларусі не будзе ваеннай пагрозаю для кагосьці» – гэта гучыць вельмі слаба, калі мы ўзгадваем рыторыку Лукашэнкі пра тое што ён гатовы ваяваць супраць тых жа самых украінцаў», – кажа Анатоль Лябедзька.

Згодна з праектам, з падачы УНС беларускіх жаўнераў можна будзе накіроўваць на ўдзел у замежных вайсковых аперацыях – дзеля забеспячэння калектыўнай бяспекі, як было за саветамі. Было б дзіўна, калі, на гэта пагадзіліся «беларусы – мірныя людзі»… Якія ж мэты ў гэтага рэферэндуму?

«Праз падтрыманне гэтага праекту мае прадэманстраваць кансалідацыю ўлады і прымусовы давер да Лукашэнкі і ўсёй палітычнай сістэмы», – рэзюмуе Павел Усаў.

У офісе Святланы Ціханоўскай праект назвалі «падманам, у які ніхто не паверыць». Але для ўлады галоўнае, каб на гэты раз прамаўчалі. Выдаткі бюджэту на сілавікоў у 2022-ім годзе павысілі на 12 %.

Юлія Цяльпук, «Белсат»