Беларускі прамысловы цуд: канец хутка?


У Беларусі на 14 % менш стратных прадпрыемстваў, чымся было летась. Паляпшэнне ўпершыню за шмат гадоў адзначыў Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі. Сума чыстых стратаў зменшылася ажно на 89,9 %, а прыбыткі пайшлі ўгару. У беларускага эканамічнага цуду ёсць прычыны, а неўзабаве – будзе і канец.

Барысаўскі кансервавы завод – лот на аўкцыёне. Стартавая цана – больш за шэсць з паловаю мільярдаў рублёў. Працаўнікі заводу зацікаўленыя, каб найхутчэй знайшоўся пакупнік, бо толькі пасля гэтага ім выплацяць заробкі за апошнія 10 месяцаў. Ставак пакуль няма.

«Я думаю, што не прададуць. За такія грошы гэты комплекс нікому не патрэбны. Ён знаходзіцца амаль што ў цэнтры гораду, і яго калі нехта і набудзе, то пад знос і будаўніцтва нейкага жытла».

Няма ахвотных – зніжаюць стартавы кошт лоту. І ў апошнюю чаргу – прапаноўваюць рабіць стаўкі на паніжэнне цаны.

Барысаўскі кансервавы завод можа выпасці са статыстыкі стратных прадпрыемстваў раней, чымся прадасца. Ліквідацыя мае адбыцца да 30-га снежня.

Гэтак, не абавязкова прадалі, але ўжо закрылі ды спісалі страты шэрагу вытворчасцяў. «Белстат» рапартаваў, што колькасць стратнікаў зменшылася на 14 %, а іх удзельная вага – на тры адсоткі. Першыя восем месяцаў 2020 года прадпрыемствы былі ў мінусе на Br 1,36 млрд рублёў. Сёлета на дзень 1-га верасня прыбытак набліжаецца да Br 6 млрд.

Росту попыту на беларускія тавары паспрыяў выхаду іншых краінаў з прастою, выкліканага супрацьковіднымі захадамі, кажа Леў Марголін:

«Гэта часовы эфект. Ужо зараз тэмпы запаволіліся. І я думаю, што яны будуць больш павольныя ў наступным годзе і без санкцыяў. Бо няма галоўнага – інвестыцыяў. А без інвестыцыяў эканоміка паступова гасне. А тут яшчэ і санкцыі дададуцца на пачатку наступнага года».

Абмежаванні не павінныя закрануць прыватнікаў. Тыя найбольш цярпяць праз створаныя ўнутры краіны ўмовы вядзення бізнесу. Напрыклад, дзяржава забавязала набыць пэўнай маркі касавыя апараты, якія, паводле інструкцыі, працуюць пры тэмпературы, не ніжэйшай за +9.

Ірына Яскевіч з аргкамітэту беларускага прафсаюзу «Разам», кажа:

«Было багата нараканняў, багата каментароў, што людзі будуць зачыняцца. Спадзяюцца пагандляваць да Новага году, каб неяк дацягнуць і прадаць рэшты тавараў. Думаю, што яшчэ 20 % прадпрымальнікаў дакладна зачыняцца».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, каля 20-ці тысячаў індывідуальных прадпрымальнікаў закрыліся ў першыя дзевяць месяцаў года. А за гэты ж час 25 тысячаў – зарэгістраваліся.

«Статыстыка, што нас становіцца больш, а не менш, звязаная з тым, што людзі пакідаюць раздробны гандаль і пераходзяць у паслугі. Там не такія жорсткія патрабаванні», – тлумачыць Ірына Яскевіч.

Паводле ейнай ацэнкі 35 % гандляроў ужо закрыліся. Рэшта ў наступным годзе сутыкнецца са зменамі ў падаткаабкладанні. Бальшыні давядзецца, як і юрыдычным асобам, плаціць адпрыбытковы падатак 16 %.

Юлія Цяльпук, «Белсат»