Крытэры прызнання палітвязнямі састарэлі, бо ў Беларусі стала не да законаў


Валанцёрка праваабарончага цэнтру «Вясна» Марыя Тарасенка з’ехала з Беларусі. Разам з гомельскім праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валанцёркаю Таццянаю Ласіцай яе вінавацяць у рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў навучанні беспарадкам ці фінансаванні іх. Усе трое прызнаныя палітычнымі вязнямі, але ў адрозненне ад калегаў Марыя не была пад вартаю.

Ледзьве не штодня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнае дзясяткі людзей палітычнымі вязнямі. Толькі за бягучы месяц гэткі статус атрымалі 111 асобаў. Рашэнне грунтуецца на аснове інфармацыі аб акалічнасцях зняволення.

«Калі публічная дзейнасць адных нам зразумелая і бачная, часам нам не зразумела, чаму таго ці іншага непублічнага чалавека пазбаўляюць свабоды. Варта заўважыць, што цяпер усё цяжэй і цяжэй атрымоўваць інфармацыю, бо ўсе звязаныя падпіскамі аб неразгалошванні», – кажа юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Праўда, ёсць і іншыя прычыны, калі зняволенаму не надаюць статусу палітычнага вязня. Да прыкладу, за дзеянні, якія кваліфікуюць як хуліганства. Гэтак, Антон Быкоўскі, асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за пашкоджанне аўтамабіля жонкі міліцыянта, палітычнага статусу не мае.

«У калоніі яго ўжо лічаць палітычным, у яго жоўтая нашыўка і асаблівае стаўленне ды ўзмоцнены рэжым. Гэтыя жоўтыя нашыўкі даюць схільным да экстрэмізму ці нешта такое», – распавядае Дарʼя, жонка Антона Быкоўскага.

Статус палітычнага вязня робіць чалавека заўважным грамадскасці ды прызнае невінаватым у вачах праваабарончай супольнасці. Аднак не дае прывілеяў перад адміністрацыяй папраўчых установаў, а часам такі статус, наадварот, спрычыняецца да мацнейшага ціску. Гэтак, рэдактар выдання «Наша ніва» Ягор Марціновіч паведаміў пра пагаршэнне ўмоваў утрымання ў СІЗА № 1. Журналіста Дзяніса Івашына яшчэ на 7 содняў пакінулі ў карцары.

«Гэтыя людзі трапляюць у адвакацыйныя кампаніі, пра іх часцей кажуць, пра іх больш кажуць. Іх вызвалення патрабуюць найперш. Але гэта не ганаровае званне, якое адразу палепшыць становішча, дасць магчымасць выйсці раней прызначаных судом тэрмінаў», – падкрэслівае праваабаронца Павел Сапелка.

15 грамадскіх ініцыятываў дапамогі палітычным вязням узяліся змяніць падыходы да прызнання палітвязнямі, каб пашырыць спіс новымі імёнамі. Наколькі гэта важна, ведае грамадскі дзеяч і былы палітычны вязень Міхаіл Жамчужны:

«Крытэрыі неабходна было змяняць таму, што яны крыху састарэлі, бо ў нашай краіне стала крыху не да законаў, суды выносяць рашэнні па надуманых абвінавачваннях. Вядома, трапіла ў месцы зняволення па крымінальных справах шмат невінаватых, якія выпадкова трапілі на пратэсты і незаконна асуджаныя».

Падтрымаць тых, хто застаецца за кратамі, можа кожны, даслаўшы ў турму ліст, паштоўку ці віншаванне на дзень нараджэння.

Марыля Дакуцька, «Белсат»