Расейцы масава ўцякаюць ад вайны


Федэральная служба бяспекі Расеі прызнала, што каля 260 тысяч грамадзянаў пакінулі гэтую краіну ў першыя некалькі дзён пасля абвяшчэння так званай «частковай» мабілізацыі. На аўтатрасе М1, якая злучае Маскву і Менск, выставілі пункты пашпартнага кантролю. ФСБ правярае ўсіх, хто выязджае. На межах Расеі з суседнімі дзяржавамі вокамгненна ўтварыліся вялізныя заторы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Чарга на расейска-грузінскай мяжы расцягнулася больш як на 20 кіламетраў. Таміцца ў ёй даводзіцца некалькі дзён. У людзей няма запасаў ежы і вады, малых дзяцей часта няма чым карміць. Міністр замежных справаў Грузіі заявіў, што пасля абвешчання мабілізацыі ў ягоную краіну прыбыло больш за 10 тысяч расейцаў. Калі пехатою або на ровары – то чакаць на мяжы давядзецца прыкладна содні. Але калі машынаю – то 4-5 дзён», – распавёў «Белсату» аўтар папулярнага тэлеграм-каналу аб Грузіі nlevshitstelegram Мікалай Леўшыц.

У шмат якіх уцекачоў здаюць нервы. Самыя хітрыя і нахабныя спрабуюць аб’ехаць корак. У выніку ў чэргах часта ўспыхваюць канфлікты. 26 верасня ФСБ Расеі накіравала на расейска-грузінскую мяжу вайскоўцаў з тэхнікаю. Там, на мытні, бліжэйшым часам усталююць мабільны ваенкамат. І тады расейцаў, якія не паспелі ўцячы, змогуць разварочваць проста з мяжы на фронт.

Казахстан таксама актыўна прымае тых, хто ўцякае ад мабілізацыі. Міністэрства замежных справаў краіны паведаміла, што з 21 верасня да іх прыехалі 98 тысяч грамадзянаў Расеі. Там таксама нібы запэўнілі, што выдаваць расейскіх грамадзянаў, што ўцякаюць ад мабілізацыі, не будуць. Вярнуць у Расею могуць толькі паводле стандартнай працэдуры: калі асоба абвешчаная ў вышук. Казахстанскі прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў даручыў ураду паклапаціцца аб расейскіх уцекачах.

А некаторыя надумалі ратавацца ад мабілізацыі і ў Беларусі. Напярэдадні не выпусцілі з суседняй краіны пяцярых расейцаў, якія цягніком ехалі з Пецярбургу ў Беларусь. Пазней адзін з іх распавёў выданню «Медиазона», што памежнікі ведалі прозвішчы і месцы кожнага, да каго падыходзілі ў вагоне. Ён дадаў, што мае званне лейтэнанта запасу, але ў войску не служыў. Збіраўся даехаць да беларускай сталіцы, а адтуль – самалётам у Стамбул. Але яму і чатыром ягоным спадарожнікам параілі звярнуцца ў ваенкаматы па месцы пастаяннага жыхарства.

Афіцыйных заяваў з гэтай нагоды пакуль няма, але ўжо зразумела, што хавацца ад расейскага войска ў Беларусі – зусім не лепшая ідэя. Падчас цяперашняга візіту ў расейскі Сочы Аляксандр Лукашэнка ў сваёй «фірменнай» манеры паспрабаваў супакоіць Уладзіміра Пуціна:

«Большасць ужо просіцца: забярыце назад! І гэтыя прыедуць. Трэба толькі вырашыць, што з імі рабіць».

Уцякаюць расейцы і ў Еўразвяз. У Фінскай памежнай службе прызналіся, што колькасць грамадзянаў Расеі, якія ўязджаюць да іх у краіну, павялічылася на 88 адсоткаў. Фінляндыя ўжо абвясціла аб намеры пабудаваць на мяжы з Расеяй плот працягласцю 1300 кіламетраў.

Уцячы ад мабілізацыі пакуль можна і ў іншыя краіны: Манголію, Турцыю, Арменію, нават за акіян. Выданне «Медуза» са спасылкаю на свае крыніцы сцвярджае, што Расея мае намер закрыць межы пасля 28 верасня – па заканчэнні так званых рэферэндумаў на акупаваных тэрыторыях Украіны. Калі гэта праўда, то засталося вельмі мала часу для ўцёкаў.

Марына Яновіч, Юрый Данілаў, «Белсат»