Новы газаправод «Baltic Pipe» запусцілі ў працу


Гістарычны дзень для нашых польскіх суседзяў. Непадалёк ад узбярэжжа Балтыйскага мора сёння быў урачыста запушчаны ў працу новы газаправод «Baltic Pipe». «Балтыйская труба» пастаўляе газ з Нарвегіі ў Польшчу праз Данію, і дапаможа адправіць у гісторыю залежнасць Польшчы ад расейскага газу. Праўда, урачыстасць была троху сапсаваная трывожнымі паведамленнямі пра аварыю на расейскіх трубаправодах, а потым – інфармацыяй пра выбухі на глыбіні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Горад Галенеў непадалёк ад Шчэціна сёння прымаў гасцей найвышэйшага ўзроўню. Прэзідэнт і прэм’ер-міністр Польшчы, кіраўнік дацкага ўраду, міністр энергетыкі Нарвегіі і прадстаўнік Еўразвязу ўрачыста адкруцілі сімвалічны вентыль – як сімвал пачатку працы газаправоду «Балтыйская труба».

«Гэта вялікі дзень, вялікі дзень для Польшчы, для Даніі, для Нарвегіі, для ўсяго Еўразвязу, вялікі дзень для нашай часткі Еўропы. Дзень пабудовы бяспекі, міру і ўмацавання суверэнітэту», – заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

«Baltic Pipe» – гэта трубаправод, далучаны да трубаправоду «Europipe II» з Нарвегіі ў Нямеччыну. Ён ідзе праз тэрыторыю Даніі ў Польшчу, адкуль уключаецца ў агульнапольскую газавую сістэму. Першыя кантракты на бліжэйшыя 2 гады ўжо ёсць, і складаюць 80-90% ад магутнасці «Балтыйскай трубы».

«З магутнасцю 10 мільярдаў кубаметраў газу на год газаправод можа пастаўляць газ з радовішчаў нарвежскага кантынентальнага шэльфу і спрыяць умацаванню энергетычнай бяспекі на поўдні Скандынавіі, у Польшчы і ў іншых краінах рэгіёну», – падкрэсліў Тэрʼе Ослян, міністр энергетыкі Нарвегіі.

Для Польшчы новы магістральны газаправод важны перадусім таму, што сёлета скончылася шматгадовая залежнасць ад паставак «Газпрому». Трубаправод «Ямал-Еўропа», які ідзе праз Беларусь ажно ў Нямеччыну, цяпер не працуе. Дакладней, працуе ў рэверсавым рэжыме – газ ідзе з Нямеччыны ў Польшчу невялікімі партыямі. Прычына – палітычныя злоўжыванні Масквы ў пастаўках энергетыкі.

«Мы павінны зрабіць усё магчымае пазбавіцца энергіі, як расейскага інструменту ўлады і забяспечыць нашых грамадзян больш таннай энергіяй. Вось чаму мы таксама павінны актывізаваць Зялёны пераход – пераход да аднаўляльнай энергіі», – заявіла прэмʼер-міністр Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн падчас адкрыцця «Балтыйскай трубы».

Пасля таго, як на пачатку верасня «Газпром» цалкам адключыў пастаўкі газаправодам «Норд Стрым-1», пакуль не будуць адмененыя антываенныя санкцыі, нават нямецкі ўрад на чале з Олафам Шольцам мусіў змяніць сваю палітыку эканамічных стасункаў з Расеяй, тлумачаць эксперты.

«Цяпер у Еўразвязе нават самыя ўпёртыя мусяць прызнаць, што “Газпром” – гэта толькі прыдатак крамлёўскай палітыкі, дзе энергія – гэта прылада для вайны, перадусім супраць Украіны, але і супраць суседніх дзяржаваў і агулам Еўразвязу», – патлумачыў «Белсату» Стэвэн Блёкманс, дырэктар даследаванняў Цэнтру доследаў еўрапейскай палітыкі.

Сённяшнія ўрачыстасці еўрапейцам сапсавалі і паведамленні аб буйным выцеку тэхнічнага газу з расейскіх трубаправодаў «Норд Стрым 1» і «Норд Стрым 2». Газавыя магістралі, што ідуць па дне Балтыйскага мора з Расеі ў Нямеччыну, у ноч на панядзелак былі пашкоджаныя адразу ў трох месцах побач з дацкай выспай Барнгольм. Пашкоджанні беспрэцэдэнтныя.

Наступствы аварыі на газаправодах у Балтыйскім моры 27 верасня 2022 года.
Фота: Danish Defence / forsvaret.dk

«Чарговае дзіўнае супадзенне, хаця мы іх ужо шмат бачылі. То паломкі ў трубаправодзе, то спазненні ў рамонце гэтых паломак. Цяпер раптоўна вялікі выцек газу, які можа быць ці паказнікам разрыву трубаў, ці следствам ужывання выбухоўкі – хто ведае, можа, і рукой Масквы», – нагадвае Стэвэн Блёкманс.

Ужо вядома, што шведскія сейсмалагічныя станцыі зафіксавалі два моцныя падводныя выбухі ў раёнах выцеку газу. Адзін у 2 гадзіны ночы панядзелку, другі – а 19-й вечара. Моц выбухаў дасягала магнітуды са значэннем 2,3.

Як тлумачаць эксперты, магчымая дыверсія – падрыў нават спыненага трубаправоду – цяпер выгадны толькі Расеі, каб справакаваць паніку і палітычна ціснуць на Абʼяднаную Еўропу.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»