Алег Мазоль: «Насельніцтва сталася бяднейшым, урад стаўся багацейшым»


Не ўсё так адназначна. Гэтая фраза набывае асаблівыя адценні, калі зірнуць у актуальную статыстыку што да беларускай эканомікі. Паводле Белстату, за 8 месяцаў сёлета даходы бюджэту выраслі намінальна, аднак скараціліся ў рэальным вымярэнні. У асобных рэгіёнах краіны – амаль на 20 адсоткаў. У Менску ж упалі сярэднія заробкі. З чым гэта звязана і чаго чакаць беларусам у рэчышчы бягучых тэндэнцыяў? 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле ж Белстату, намінальны заробак расце. Сёлета ў жніўні ён вырас адносна ліпеня на 1,3 адсотка ды склаў амаль 1700 рублёў. Аднак гэта да вылічэння падаткаў і без уліку інфляцыі. Паводле ж эканамістаў, пакупніцкая здольнасць насельніцтва зніжаецца. Кажа навуковы супрацоўнік Beroc Алег Мазоль:

«Насельніцтва купляе тавары за падвышаны кошт і плоціць інфляцыйны падатак. Іншымі словамі, дзяржава, надрукаваўшы пэўную суму наяўнасці, купіла тавары сёння. Цэны на тавары і паслугі за кошт павелічэння грашовай наяўнасці выраслі на 15 %. Грамадзяне Беларусі атрымалі заробак і аплацілі гэты інфляцыйны падатак, купіўшы тавары на 15 % вышэй. У выніку насельніцтва сталася бяднейшым, урад стаўся багацейшым».

У Менску, згодна актуальным паказнікам, толькі за мінулы месяц крыху больш чым на два адсоткі прасеў і сярэдні заробак. Усё больш відаў эканамічнай дзейнасці зазнаюць зніжэнне гэтага паказніку: да IT-сектару тут дадаліся фінансісты і бюджэтнікі.

Пры гэтым намінальны заробак да выліку падаткаў зменшыўся толькі ў Менску. У рэгіёнах – рост да пяці адсоткаў. Самы высокі сярэдні намінальны заробак па-ранейшаму ў сталіцы – крыху большы за 2200 рублёў.

Звесткі на жнівень 2022 г.:

Менск – Br 2215,7

Менская вобласць – Br 1711,8

Віцебская вобласць – Br 1440,9

Гомельская вобласць – Br 1499,2

Гарадзенская вобласць – Br 1518,1

Магілёўская вобласць – Br 1374,1

Берасцейская вобласць – Br 1462,7

Падзенне рэальных заробкаў ёсць адлюстраваннем актуальнага стану беларускай эканомікі. З улікам сёлетняй інфляцыі рэальныя даходы беларускага бюджэту за восем месяцаў знізіліся амаль на дзевяць з паловай адсоткаў. Гэта калі параўноўваем з аналагічным перыядам летась. Падзенне рэальных даходаў назіралася ў Менску і амаль ува ўсіх вобласцях.

Скарачэнне рэальных даходаў адносна 2021 г.

Менск – 8,6 %

Менская вобласць – 3,9 %

Віцебская вобласць – 15 %

Гомельская вобласць – 15,2 %

Гарадзенская вобласць – 19,6 %

Магілёўская вобласць – 9,4 %

Выгадна вылучалася толькі Берасцейшчына. Тут назіраецца рост рэальных даходаў амаль на 2 адсоткі (1,7 %). З чым можа быць звязаная такая розніца ў паказніках розных рэгіёнаў? Паводле эканаміста Аляксея Харкевіча:

«Напэўна, трэба звязаць з санкцыямі супраць розных галінаў эканомікі, якія прывязаныя не да рэгіёнаў, а да галінаў. Адпаведна, ў розных рэгіёнах упалі розныя галіны».

Што і адлюстроўваецца ў паказніках ключавых прадпрыемстваў у гэтых рэгіёнах.

Аляксей працягвае:

«Гэта металургія ў першую чаргу БМЗ, ёсць і іншыя прадпрыемствы, якія ўваходзяць у холдынг. Да таго ж усё, што звязана з нафтаперапрацоўкай і нафтаздабычай. Нафтан у Віцебскай вобласці, у Гомельскай МНПЗ і Беларуснафта».

Калі ж кажам пра хімію і ўгнаенні, то ўзгадваецца Гомельскі хімічны завод ды «Горадня Азот». То бок гэта ўсё падсанкцыйныя прадпрыемствы. Добры ж паказнік Берасцейскай вобласці, паводле эканаміста, можа тлумачыцца якраз тым, што ў ёй вялікіх прадпрыемстваў пад санкцыямі Еўразвязу няма.

Што ж да перспектываў, то паводле нашых экспертаў, акрамя ўнутранай беларускай сітуацыі ёсць і галоўны знешні фактар. Санкцыі супраць асноўнага спонсара беларускага рэжыму – Расеі – будуць толькі ўзмацняцца. Адпаведна, ў краіны-агрэсара будзе ўсё менш магчымасцяў дапамагаць свайму апошняму саюзніку. Такім чынам эксперты прагназуюць далейшае зніжэнне рэальных даходаў беларусаў.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»