У Беларусі ўводзяць новы «бонус» для пенсіянераў


Змены ідуць у жыццё, прынамсі ў жыццё пенсіянераў. Праз год у дадатак да цяперашняй гэтак званай салідарнай пенсіі мае з’явіцца і назапашвальная.

Улады анансавалі ўвядзенне ў жыццё гэтак званага добраахвотнага пенсійнага страхавання, удзел у якім зможа ўзяць кожны, каму да выхаду на пенсію будзе заставацца не менш за тры гады.

Айчынныя пенсіянеры, урэшце, дажылі да «сур’ёзнага бонусу»! Хаця не, не да бонусу, а да… абяцання бонусу! З 1 кастрычніка наступнага года ў Беларусі мае запрацаваць добраахвотнае страхаванне. І вось, паводле міністаркі працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч, наступнае сплочванне назапашаных людзьмі дадатковых унёскаў і мае стацца «сур’ёзным бонусам» да звычайнай пенсіі:

«Максімальны працоўны стаж для жанчыны – 40 гадоў і 45 гадоў у мужчыны. Пры агульным стажы 40–45 гадоў і аплаце ўнёскаў з сярэдняй заработнай платы ў сярэднім пенсія будзе недзе 570 рублёў. Вось і падлічым: 570 рублёў пенсія ў гэткага пенсіянера з гэткім стажам і заработнай платай з улікам дадатковай назапашанай за 18 гадоў – гэта 900 рублёў! Гэта сапраўды сур’ёзны бонус!»

Каб атрымаць гэткую пенсію, працаўнік, паводле падлікаў чыноўнікаў, мусіць на дадатак да абавязковага ўнёску памерам 1 % ад заробку адлічваць у пенсійны фонд яшчэ і на назапашвальную пенсію – да 10-ці адсоткаў ад свайго заробку. Плюс да 3-х адсоткаў будзе абавязаны дадаваць і працадаўца.

Вось толькі чамусьці аўтары «бонусу» ані слоўца не кажуць пра існы стан пенсійнай сістэмы, заўважае эканаміст Яраслаў Раманчук. А гэта і дэмаграфічная яміна, і ўцёкі за мяжу моладзі і бізнесу, і адсутнасць у прадпрымальнікаў рэальнай магчымасці ствараць працоўныя месцы.

«Ахвотнікаў плаціць усё менш. Таму гэта не тое, што людзям дадуць бонус! Асцерагайцеся данайцаў, якія нясуць вам бонус! Таму што гэта падман, і гэта яшчэ глыбей залезці ў кішэню звычайных людзей і потым сказаць: маўляў, ну, пенсію мы вам дамо 100 даляраў, а ўсё, што хочаце зверху, тады самыя збірайце!» – тлумачыць Раманчук, чаму лічыць заяўленую рэформу падманам суграмадзянаў.

Да таго «бонусу» яшчэ дажыць трэба, дадае лідарка аб’яднання пенсіянераў «Наша пакаленне» Таццяна Зялко:

«Вы спачатку, калі ласка, іх кладзіце, а вось калі вы дажывяце… Вы ж зірніце, што яны робяць з гэтай пенсіяй: мы тут дадамо, а тут не можам, бо нам усё роўна трэба падвышаць узрост! Вы, на здароўе, падвышайце, толькі зірніце хаця б на сярэднюю працягласць жыцця! У нас больш за палову мужчынаў не дажываюць да пенсіі ўжо, а што ж будзе потым?!»

Вядома ж, пенсійная рэформа патрэбная, дадае эканаміст Раманчук. Але выключна ў звязку з іншымі рэформамі, найперш бюджэтнай і падаткавай. Добрыя пенсіі могуць быць толькі пры добрай эканоміцы, гэта аксіёма.

«Каб пенсіянеры атрымлівалі добрыя пенсіі, трэба, каб моладзі было больш у краіне, каб прадукцыйнасць працы была высокая, каб паступленні ў бюджэт былі стабільныя і каб эканоміка расла. Усіх гэтых чыннікаў у Беларусі няма», – канстатуе Раманчук.

Ну і, вядома ж, як той казаў, варта ўсё-ткі жыць па сродках, дадае лідарка пенсіянераў і сама ў мінулым фінансістка Таццяна Зялко. Бо занадта ж кучарава выходзіць, калі нейкая бабулька, адпрацаваўшы 40 гадоў медсястрою, атрымлівае капейкі, а сілавікі і вайскоўцы ўжо ў 40–45 ідуць на далёка не самыя малыя пенсіі.

«Давайце зраўняем пенсіі! У нас міністры атрымліваюць агромністыя пенсіі, нічога не ўкладаючы ў эканоміку. У нас развялося сілавікоў – прабачце, нам іх столькі трэба? Мы першыя ў свеце паводле сілавікоў на душу насельніцтва! А што, мы – бандыцкая дзяржава? У нас акрамя іх красці няма каму! Мяне толькі міліцыя абакрала, больш ніхто ніколі капейкі не ўзяў!» – прапаноўвае спадарыня Таццяна.

Абодва эксперты сыходзяцца ў адным: галоўнае, чаго вымагае назапашвальная пенсійная сістэма – гэта давер грамадзянаў да дзяржавы. Як у вас, шаноўнае спадарства, з гэткім даверам?

Валера Руселік, «Белсат»