Беларусь сярод найгоршых краінаў для рабочых


Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў апублікавала Глабальны рэйтынг правоў за 2021 год, паводле якога Беларусь аказалася побач з такімі краінамі як Гандурас, Зімбабвэ і М’янма.

Раніцай каля прахадной Беларускага металургічнага заводу ў Жлобіне было шмат аўтазакаў. А ў абед з’явілася інфармацыя пра затрыманне інжынера-канструктара Аляксандра Балонкіна на ягоным працоўным месцы на «Нафтане». Пра гэтыя 2 выпадкі паведаміў тэлеграм-канал «Вясна / Правы чалавека ў Беларусі».

«Такая разгортваецца кампанія рэпрэсіяў супраць прафсаюзных актывістаў і людзей з прадпрыемстваў, якія нешта рабілі, дзеля таго, каб пераламіць гэтую сітуацыю ў наш бок», – кажа прадстаўнік ініцыятывы «Рабочы рух» Юрый Рававы.

Днямі сілавікі затрымалі 13 рабочых з «Горадні Азоту», «Нафтану», Беларускай чыгункі і Беларускага металургічнага заводу. Іх змясцілі ў СІЗА КДБ і гомельскі СІЗА № 3. Затрыманыя ўваходзілі ў ініцыятыву «Рабочы рух», якая каардынуе рыхтаванне да агульнанацыянальнага страйку. Паводле Юрыя Рававова, рабочых здалі:

«Ёсць такі крот – Аляксей Грузінаў. Жыхар Гомля, які ёсць агентам КДБ. З восені 2020 года ён працаваў па дваровых актывістах, а пазней далучыўся да дзейнасці на прадпрыемстве».

Затрыманых рабочых падазраюць у здрадзе дзяржаве. Санкцыя артыкулу прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Яшчэ 21 верасня Аляксандр Лукашэнка каментаваў іхнае затрыманне: «Ну шпіёняць і здаюць інфармацыю туды. Некалькіх мы выявілі, сядуць – і надоўга».

Сярод затрыманых – былы юрысконсульт «Нафтану» Аляксандр Капшуль. Яго затрымалі на тэрыторыі Расеі і адразу ж перадалі КДБ Беларусі. Актывіст беларускай дыяспары ў Санкт-Пецярбурзе Руслан Хазін папярэджвае, што на тэрыторыі Расеі палітуцекачы не будуць у бяспецы: «Пачасціліся выпадкі, што людзей шукаюць, знаходзяць, арыштоўваюць і тайным чынам, парушаючы ўсе юрыдычныя і працэсуальныя нормы, адразу вывозяць у Беларусь».

Ужо цяпер Беларусь адносіцца да краінаў, дзе ўлады перашкаджаюць стварэнню прафсаюзаў, парушаюць правы рабочых на забастоўку і на калектыўныя перамовы, а рабочыя маюць абмежаваны доступ да правасуддзя. Каб Беларусь канчаткова не стала найгоршай краінай для рабочых, актывісты плануюць забастоўку.

«Сёння кіроўцы аднаго хлебазаводу Менску адмовіліся выязджаць на маршруты, і гэта таксама забастоўка, і мы разумеем, што ўжо палыхаць пачынае паўсюль, як на тым тарфяным балоце», – каментуе старшыня Беларусага абʼяднання рабочых Сяргей Дылеўскі.

Сярод патрабаванняў забастоўкі – перадусім вызваленне палітвязняў і правядзенне новых сумленных выбараў. Актывісты разлічваюць, што да пратэсту далучацца каля 30 адсоткаў рабочых.

Ірына Карніенка, «Белсат»