Падлеткавая драма «II» беларускай рэжысёркі – прызёрка еўрапейскіх кінафестываляў


Падлеткавая драма «II» беларускай рэжысёркі Влады Сяньковай, знятая «Арт Карпарэйшн» сумесна з ЮНЭСКО – прызёрка еўрапейскіх кінафестываляў.

«Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн» падхопліваў сучасныя мастацкія праекты. Развіваў айчыннае кіно і тэатр. На працягу 11-гадоў – арганізоўваў кінафестываль «Лістапад». Рашэннем Менгарвыканкаму цэнтр ліквідаваны.

«Калі ты працуеш з такою кампаніяй, то ведаеш што ім ёсць што губляць у розных галінах. І калі яны думаюць перадусім пра тое каб зрабіць добрае кіно – гэта вельмі каштоўна. «Арт Карпарэйшн» перадусім падняў з кален кінафестываль «Лістапад», які быў звычайным местачковым саўдэпаўскім», – кажа Влада Сянькова.

На старонцы listapad.com апошняя навіна за 3-га жніўня ў выглядзе надмагільнай пліты: «АРТ Карпарэйшн» не з’яўляецца дырэкцыяй Менскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» у 2021 годзе». Мінкультуры перадала «Беларусфільму» правы дырэкцыі фестывалю. Раней «АРТ Карпарэйшн» не падоўжылі дамову арэнды крэатыўнай прасторы ОК16.

Максім Жбанкоў, культуролаг, кінакрытык і журналіст, кажа:

«Маем справу з культурніцкім рэйдарскім захопам. То бок чужы праект фактычна прысабечаны дзяржаваю. Ясна, што нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Бо ў дзяржавы вельмі своеасаблівае разуменне пра культуру і культурніцкі працэс. І апошнія крокі дзяржаўныя на ўзроўні забароны, ціску і выштурхоўванню культурніцкіх дзеячаў за мяжу красамоўна пра гэта сведчыць».

На працягу шматлікіх гадоў незалежная культура шукала кампрамісаў у дачыненнях з дзяржаваю. «АРТ Карпарэйшн» у ліку культурніцкіх арганізацыяў, праектаў і пляцовак, якім удавалася ісці наперад насуперак цэнзураванню. Януш Гаўрылюк – дырэктар конкурснага фестывалю беларускага кіно «Бульбамуві», запачаткаванага ў Варшаве, кажа:

«Нацыянальны конкурс на «Лістападзе» быў імітацыяй сапраўднага конкурсу. Бо там заўсёды была цэнзура, якая найяскравей выявілася ў 2017-ым годзе, калі не дапусцілі да конкурсу фільм куратарства Андрэя Кудзіненкі».

Група незалежных творцаў дамагаецца на міжнародным узроўні, каб адзяржаўлены «Лістапад» пазбавілі акрэдытацыі. Колішні ж міністр культуры і былы кіраўнік «Купалаўскага тэатру» Павел Латушка накіраваў у ЮНЭСКО адкрыты ліст пра рэпрэсіі ў дачыненні беларускай культуры і глыбокі гуманітарны крызіс, арганізаваны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. НАУ і вядомыя творцы просяць:

Заклікаць нелегітымную ўладу да спынення пераследу за іншадумства. Патрабаваць ад Вярхоўнага суда выканання міжнароднага права. Накіраваць у Беларусь місію ЮНЭСКО, прыпыніўшы супрацу з адпаведнай камісіяй. Прыняць адпаведную рэзалюцыю па Беларусі.

Свой зварот на скрынку dg@unesco-delegations.org можа накіраваць кожны з вас. Змаганне за культуру, як спадчыну нацыі, толькі пачынаецца. І светлы бок – перамагае – лічыць культуролаг Максім Жбанкоў:

«Я гляджу на гэтыя ўсе спробы забараніць незалежную беларускую культуру і думаю, якую ж біяграфію яны зараз ствараюць нашым творцам. Як для мяне, то гэта пачатак гераічнага перыяду існавання незалежнай беларускай культуры. Адкрытага, ужо пазбаўленага ілюзіяў».

А таму сапраўднага… адзіны выклік для якога, бадай, выжыванне ў эміграцыі. Пляцоўкі – знойдуцца і там… Напрыклад для беларускага кіно сёлета У ЛІСТАПАДЗЕ адкрыюць залі Варшаўскія кінатэатры. Фестываль «Бульбамуві» вяртаецца і шукае спонсарскай падтрымкі на прызы для пераможцаў конкурснай праграмы.

Юлія Цяльпук, «Белсат»