На Львоўскім медыяфоруме казалі пра Беларусь


На Львоўскі медыяфорум беларускія журналісты і рэдактары прыехалі не толькі з Менску ды іншых гарадоў Беларусі: шмат хто з іх вымушаны быў раней пакінуць сваю краіну, каб працягваць працаваць.

«Самае важнае – не даць знішчыць тую інфраструктуру, якую беларускія медыі выбудоўвалі шмат-шмат гадоў. Большасць рэдакцый пераехалі ў Кіеў, Варшаву, Вільню», – кажа спікер Львоўскага медыяфоруму, дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Паводле Вячоркі, з 2020-га года ў Беларусі праз прафесійную дзейнасць пацярпелі больш за тысячу асобаў. Пад пераслед трапілі прынамсі 700 журналістаў, каля сарака рэдакцыяў вымушаныя былі пераехаць у іншыя краіны, каля 30-ці журналістаў застаюцца за кратамі. У тым ліку журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова. Украінскія медыйныя эксперты стала адсочваюць сітуацыю ў суседняй краіне.

«Паколькі мы гэткая буферная зона для беларусаў, гэта значыць, адной з бліжэйшых дзяржаваў, дзе могуць падтрымаць калег, мы вельмі ўважліва сочым за тым, што адбываецца, і тым, як мы можам дапамагчы беларусам ва Украіне», – кажа Зоя Красоўская, мадэратарка патоку «Беларусь» на медыяфоруме.

На медыяфоруме абмеркавалі, як дапамагчы беларускім выданням выжыць і трансфармавацца пасля пераезду. Украінскія журналісты лічаць, што маюць шмат падставаў для салідарнасці з беларускімі калегамі.

«Беларусы дапамаглі нам у самыя складаныя моманты нашай нядаўняй гісторыі, і мне здаецца, мы цяпер, хоць і шкада так казаць, вяртаем доўг. Калі мы саступаем на сваім участку, ледзь не сказаў «фронту», то гэта значыць, што мы паслабляем пазіцыі беларускіх калег, а калі там адбываецца наступ, то слабеюць нашыя пазіцыі», – лічыць журналіст, сузаснавальнік украінскага грамадскага радыё Андрэй Кулікоў.

Удзельнікі форуму казалі і пра падтрыманне палітычных вязняў ды арыштаваных журналістаў. Шукалі розныя спосабы міжнароднай дапамогі.

«Гэта першая канферэнцыя такога маштабу, прысвечаная Беларусі і беларускім журналістам. Але, вядома, гэтага недастаткова, вельмі важна выпрацаваць выразны план, выразную праграму дапамогі арганізацыям медыяў. Мы казалі ўжо з прадстаўнікамі Бруселю, Вашынгтону, розных еўрапейскіх краінаў, каб быў фонд, які будзе падтрымліваць кантэнт, рэлакацыі, а таксама юрыдычную дапамогу для тых журналістаў, якіх цяпер пераследуюць, саджаюць», – падсумаваў Франак Вячорка.

Акрамя Беларусі, на форуме абмяркоўваюць тэму Данбасу і Крыму, асаблівасці сучаснага медыяспажывання і манетызацыю медыяў. Але чырвонаю ніткаю праходзіць абарона свабоды слова і права журналістаў на прафесію ўва ўсіх краінах.

Валерыя Пячэнік, Вольга Старасціна, «Белсат»