«Чырвонае золата» Лукашэнкі


У Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці адбылася ўрачыстая цырымонія запуску горнаўзбагачальнага комплексу, які належыць да салігорскага «Беларуськалію».

Выглядала гэта так: Аляксандр Лукашэнка пахваліўся поспехамі калійнай прамысловасці, прыгразіў шахцёрам, што цырымоніцца з імі не будуць, і націснуў адмысловы гузік, каб запусціць абсталяванне.

Жарты, байкі ўперамешку з пагрозамі працаўнікам – працуйце, бо цырымоніцца з вамі ніхто не будзе, і пытанне, дзе ўзяць новыя кадры. Так Аляксандр Лукашэнка ўрачыста запускаў Петрыкаўскі калійны камбінат.

Пужаў глабальным голадам, казаў, што нават старшыня КНР Сі Цзінь Пін яму скардзіцца на праблемы ў Кітаі.

«Нас нідзе не чакаюць. А калі хто і чакае… можа, на плантацыях, як украінцы кажуць, у палякаў ці ў немцаў збіраць клубніцы?» – пытаў сам сябе Лукашэнка.

Лукашэнка загадаў на месцы майніць крыптавалюту і будаваць цяпліцы, каб жыхары раёну маглі пасля працы культурна працаваць.

І пад савецкую музыку націскаў на ўрачысты гузік, каб запусціць абсталяванне, якое ўжо да яго здабыла 1,3 млн т калійнай руды.

«Усе гэтыя цырымоніі, усе гэтыя зборы, чырвоныя гузікі мусяць паказаць беларускаму народу, што ўсё нармальна, што жыццё працягваецца, ніякага спаду не будзе, не будзе ніякага эканамічнага крызісу. І гэта нейкая паралельная рэальнасць, дзе існуе Аляксандр Лукашэнка», – падсумоўвае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

У кароткатэрміновай перспектыве ў чыноўнікаў Лукашэнкі ёсць нагода адчуваць аптымізм: разам з ростам коштаў на харчы растуць і кошты на ўгнаенні, тлумачыць эканаміст Кацярына Барнукова, акадэмічны дырэктар цэнтру BEROC. Але шмат залежыць ад таго, як разгорнуцца амерыканскія санкцыі супраць «Беларуськалію», і наколькі рэзка Літва можа спыніць транзіт калійных угнаенняў праз сваю тэрыторыю за арганізацыю міграцыйнага крызісу. Раней літоўскі міністр транспарту заявіў, што са снежня, калі запрацуюць амерыканскія санкцыі, прадукцыя «Беларуськалію» і так не трапіць у порт Клайпеды. А як тады прадаваць угнаенні?

«У расейскіх партах нават тыя магутнасці, якія будуюцца, яны ўжо зарэзерваваныя за «Уралкаліем». Наўрад ці «Уралкалій» захоча неяк пасоўвацца, больш за тое, «Уралкалій» можа скарыстацца сітуацыяй, каб, напрыклад, назіраць, куды і ў якіх аб’ёмах адгружаецца «Беларуськалій», – тлумачыць Кацярына Барнукова.

Асноўныя партнёры «Беларуськалію» – Кітай, Бразілія і Індыя – таксама могуць скарыстацца санкцыйнай сітуацыяй і запатрабаваць для сябе адчувальную зніжку. Такі кантракт будзе прывабны для нашай краіны толькі падчас высокіх коштаў, тлумачыць спецыялістка:

«Не вельмі зразумела, як у той жа Кітай перапраўляць, бо цягніком гэты калій насамрэч будзе залатым. Бягучы кошт можа гэта і апраўдвае, але ніхто не ведае, як доўга ён будзе трымацца».

Падчас урачыстай цырымоніі ў Петрыкаўскім раёне Лукашэнка назваў калійную соль «чырвоным золатам» і ўзгадаў пра – цытата – «беглых апазіцыянераў, якія выпрошваюць санкцыі Захаду».

«Тое, што ён неаднаразова ўзгадвае, паказвае, што ён разумее, да чаго санкцыі могуць прывесці беларускую эканоміку, калі яны рэальна разгорнуцца. Ён разумее, што самыя датклівыя ў гэтым сэнсе гэта »Беларуськалій« і нафтавыя прадпрыемствы. А гэта, па сутнасці, значная частка беларускага экспарта», – звяртае ўвагу Віталь Цыганкоў.

У чэрвені Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі перастаў публікаваць штомесячныя аператыўныя звесткі пра экспарт нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў. Раней адпаведныя звесткі штомесяц публікаваліся на сайце Белстату. Менавіта 2 месяцы таму Еўразвяз увёў сектаральныя санкцыі супраць уладаў Беларусі, наймацнейшыя ў гісторыі.

Фігурант санкцыйнага спісу, расейскі бізнесовец Міхаіл Гуцэрыеў, які будаваў горна-ўзбагачальны камбінат «Слаўкалій» у Любанскім раёне, перадаў свайму брату і распрадаў калійныя і нафтавыя актывы ды ІТ-кампаніі не толькі ў Беларусі, але і ў Расеі.

«Беларусь становіцца таксічнай для інвестыцый, і інвестары прыходзяць толькі калі бачаць вельмі цікавы праект. А гэта мусяць быць умовы, калі ствараецца нейкі звыш-прыбытак. У нас праектаў або мала, або трэба ствараць асаблівыя ўмовы для асаблівага інвестара. Напрыклад, даць арабскаму забудоўніку нейкія вельмі выгодныя тэрыторыі для забудовы, якія раней нікому не даваліся», – кажа Кацярына Барнукова.

Санкцыі супраць «Беларуськалію» Еўразвяз і Злучаныя Штаты ўвялі ў тым ліку за рэпрэсіі адносна салігорскіх шахцёраў, якіх за мірныя пратэсты і арганізацыю страйку саджалі за краты і масава звальнялі з працы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».