Ці 27 ліпеня – Дзень незалежнасці Беларусі?


27 ліпеня – адна з датаў святкавання Дня незалежнасці Беларусі. У гэты дзень Вярхоўны Савет БССР ухваліў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце і гэтую падзею пастанавіў адзначаць як нацыянальнае свята. Святочным 27-га ліпеня заставалася да рэферэндуму 1996 года, калі Аляксандр Лукашэнка перанёс Дзень незалежнасці на 3-га ліпеня, цалкам змяніўшы сэнс свята.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусы Батумі выйшлі адзначыць Дзень незалежнасці Беларусі. Удзельнікі акцыі ўпэўненыя, 27 ліпеня – важная дата для гісторыі нашай краіны, у захаванні ж суверэнітэту сумняюцца.

«Мне хацелася, каб Беларусь была незалежнай, і я хачу жыць у Беларусі, а не за мяжой», – кажа ўдзельнік акцыі Слава.

«Лукашэнка захапіў уладу і зараз ён з‘яўляецца гаўляйтарам Беларусі. Таму ні аб якой незалежнасці размовы быць не можа», – перакананы другі ўдзельнік акцыі Іван.

27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет ухваліў дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», а саму дату 27 ліпеня абвясціў нацыянальным святам.

«На жаль, 27 ліпеня 2022 года беларусы не пачнуць свой дзень з таго, што прыкладуць руку да сэрца і заспяваюць лукашэнкаўскі гімн, ці “Пагоню”, ці “Магутны Божа”. Гэта ў пэўнай ступені стаўленне да гэтага свята так званых афіцыйных уладаў», – перакананы кіраўнік цэнтру «Еўрапейскі Дыялог» Анатоль Лябедзька.

Святочным днём 27-га ліпеня заставалася да 96 года. Пасля рэферэндуму Аляксандр Лукашэнка перанёс урачыстасці на 3-га ліпеня – дзень вызвалення Менску ад гітлераўцаў, цалкам змяніўшы сэнс свята.

«Фактычна, сімвалічны крок быў такім, што нашая незалежнасць не з‘яўляецца каштоўнасцю, а з’яўляецца каштоўнасцю перамога ў Другой сусветнай вайне. Хоць Беларусь і ўнесла туды вельмі вялікі ўклад, яна мае зусім іншае значэнне», – падкрэсліў дэпутат вярхоўнага савету ХІІІ склікання Аляксандр Дабравольскі.

Танкі ды вайсковыя парады, як на 9-га траўня. 3-га ліпеня часцей называюць Днём Рэспублікі, у гэты дзень ускладаюць кветкі да месцаў баявой славы і гавораць пра мінулую вайну. Сёлета на 3-га ліпеня замест словаў пра незалежнасць – словы падтрымання так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі Расеі ва Украіне.

Дэкларацыя аб суверэнітэце абвяшчала бяз’ядравы статус Беларусі ды яе нейтралітэт. Аднак яшчэ на пачатку года расейскія войскі не толькі ўвайшлі і засталіся на беларускай тэрыторыі, але і пачалі абстрэлы ўкраінскіх гарадоў, перакрэсліўшы нейтралітэт і паставіўшы пытанне аб акупацыі Беларусі.

«Я прытрымліваюся пазіцыі, што Беларусь знаходзіцца пад падвойнай акупацыяй беларускага нелегітымнага рэжыму і Пуціна. Значна ўзраслі рэальныя пагрозы і выклікі беларускаму суверэнітэту і дзяржаўнасці. Па меры таго, як Лукашэнка губляе сваю субʼектнасць, ён ператвараецца ў васала Крамля і Пуціна», – адзначыў Анатоль Лябедзька.

Нягледзячы на ўзмацненне залежнасці ад Крамля каштоўнасць суверэнітэту для многіх беларусаў па-ранейшаму высокая. На пытанне, што для вас незалежнасць Беларусі, чытачы нашага тэлеграм-каналу адказалі:

«Гэта месца, дзе свабодна дыхае кожны, хто любіць сваю зямлю. Гэта той стан, калі ты гаспадар у сваёй хаце, а не прыблуда з усходу!»

«Гэта мая радзіма. Мая надзея, каханне і жыццё ад вытокаў да смерці».

«Гэта магчымасць самастойна вырашаць лёс сваёй краіны».

«Гэта адсутнасць страху, пачуццё бяспекі. Гэта калі жадаецца дадому, незалежна ад таго, як добра і цікава за мяжой».

Між тым нашае апытанне паказала: з амаль трох з паловай тысяч рэспандэнтаў толькі 29 адсоткаў лічаць, што Дзень незалежнасці Беларусі трэба адзначаць 27-га ліпеня. Амаль траціна падтрымала 25-га сакавіка – Дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 37 адсоткаў гатовыя і далей святкаваць Дзень незалежнасці 3-га ліпеня.

Антон Каменскі, «Белсат»