27 ліпеня – забыты дзень Незалежнасці


27-га ліпеня… 30 гадоў таму гэтая дата была афіцыйнаю для святкавання Дня Незалежнасці. Выбралі яе таму, што менавіта 27-га ліпеня 1990-га года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце тады яшчэ савецкай рэспублікі. Але Аляксандр Лукашэнка ў 96-ым праз рэферэндум перанёс галоўнае свята краіны на 3-га ліпеня.

«Поўны дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасць і паўната дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў вонкавых адносінах»… Роўна 31 год таму Вярхоўны Савет БССР абвясціў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Праз год, 25-га жніўня, дакументу надалі статус канстытуцыйнага закону.

«Прыняцце дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі – гэта вельмі важны, пасля 25 сакавіка, акт, які сцвярджае імкненне народу да свабоды, незалежнасці і самаразвіцця», – адзначае мастак Мікола Купава.

Да 1996-га Дзень Незалежнасці – галоўнае нацыянальнае свята – афіцыйна адзначалі менавіта 27-га ліпеня. Тады «панавала атмасфера натхнення», – згадвае дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання Сяргей Навумчык і дадае:

«Мы праводзілі звычайна шэсце ад пляца незалежнасці да сквера Янкі Купалы, там рабілі мітынг (ёсць фотаздымкі), ішла шматтысячная калона па цэнтральным менскім праспекце. Ніякага збіцця там і блізка проста не было. За ўсе гэтыя 4 гады, да прыходу Лукашэнкі, у нас не было аніводнага палітычнага вязня. Нікога не садзілі ў турму за ягоныя палітычныя погляды, была абсалютная свабода».

Пасля рэферэндуму 96-га года, ініцыяванага Лукашэнкам, дату святкавання Дня Незалежнасці перанеслі на трэцяга ліпеня – дзень вызвалення Менску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пакуль гісторыкі спрачаюцца аб «правільнай» даце гэтага свята, некаторыя беларусы непакояцца пра захаванне незалежнасці.

Са словаў Міколы Купавы, пагроза беларускаму суверэнітэту ідзе з Усходу, Захад – за тое, каб нашая краіна развівалася ў сваіх нацыянальных традыцыях. Паводле Сяргея Навумчыка, існуе і ўнутраная пагроза:

«Драматызм сітуацыі ў тым, што ўсе гэтыя 27 гадоў гэтую пятаю калону – ворагаў беларушчыны – узначальвае чалавек, які паводле Канстытуцыі мусіў бы беларушчыну, незалежнасць абараняць».

Са словаў Сяргея Навумчыка, беларусы ніколі не страцяць сваёй дзяржавы. Але, паводле яго, давядзецца прайсці выпрабаванні. Дапаможа гэта зрабіць усведамленне сябе нацыяй, пачуццё нацыянальнай годнасці і дэмакратыя.

Каця Малей belsat.eu