Расея ізноў уцягвае Беларусь у вайну супраць Украіны?


Лідары «Вялікай сямёркі» сур’ёзна занепакоеныя абяцаннямі Расеі перадаць Беларусі ракеты з ядравым патэнцыялам. Між тым Міністэрства абароны Украіны канстатуе: Масква нарошчвае вайсковую прысутнасць на тэрыторыі Беларусі. Ці плануе Крэмль ізноў уцягнуць нашую краіну ў вайну?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Кіраўнікоў установаў і арганізацыяў Гомельскай вобласці папярэдзілі – расейскія войскі могуць вярнуцца. Такую інфармацыю распаўсюдзіла Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны. Ведамства падкрэслівае: Масква зноў нарошчвае вайсковую прысутнасць у Беларусі.

«На гэты момант я не бачу той групоўкі сілаў, што здатная пачаць наступ з поўначы. У рэаліях гэта могуць быць гэтак званыя дзеянні, што непакояць. Такая, нават, не вялая вайна, а памежная страляніна», – лічыць кіраўнік праграм бяспекі Цэнтр глабалістыкі «Стратэгія XXI» Паўло Лакійчук.

Паводле ўкраінскага Мінабароны, расейцы плануюць перакінуць у Баранавічы дзесяць самалётаў нібыта для патрулявання ў межах супольнага навучальна-баявога цэнтру.

Між тым, маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» напярэдадні зафіксавала пачатак трэнавальных палётаў беларускіх паветраных сілаў на баранавіцкім аэрадроме. А расейскія самалёты ўчора бачылі над Быхавам і ў Клімавіцкім раёне. У Мазырскім раёне заўважылі перамяшчэнне расейскіх комплексаў «С-400». А ў Гомлі – цягнік з самаходкамі і танкамі. Пускі расейскіх ракетаў былі зафіксаваныя ў Мазырскім і Салігорскім раёнах. Магчыма, менавіта гэтыя ракеты прыляцелі ўчора ў жылыя дамы Кіева.

Крэмль ізноў намагаецца ўцягнуць Беларусь у сваю авантуру, перакананы прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які звярнуўся да беларусаў: «Вас уцягваюць у вайну. І нават больш актыўна, чым гэта было ў лютым і ў вясновыя месяцы. У Крамлі за вас ужо ўсё вырашылі. Вашы жыцці для іх нічога не вартыя. Але вы не рабы і не гарматнае мяса, вы не павінны паміраць. І вы ў сілах не даць нікому вырашаць за вас, што вас чакае далей».

Падставаю для такой заявы магло стаць абяцанне Крамля паставіць Менску ракеты з ядравымі боегалоўкамі. Але ці гатовы Лукашэнка ўступіць у вайну?

«Лукашэнка не гатовы ўступаць у вайну, войска ягонае не гатовае, яно дэмаралізаванае яшчэ больш за расейскае. Беларусы не хочуць ваяваць з намі. Але Пуціну патрэбныя гэтыя гучныя заявы, каб скоўваць нашыя войскі на поўначы Украіны. Дзеля таго, каб менш перакідвалі рэзерваў у бок Данбасу, у бок поўдня», – перакананы дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка.

Пакуль жа, паводле ўкраінскага Генштабу, Масква вывезла з нашай краіны 20 вагонаў боепрыпасаў.

«Калі расейцы вывозяць з Беларусі снарады беларускага войска, гэта значыць, што не так ім патрэбнае беларускае войска для агрэсіі, інакш яны б напампоўвалі яго пэўнымі сродкамі ўварвання», – адзначыў Паўло Лакійчук.

Тым часам дэпутаты Вярхоўнай Рады ўнеслі законапраект аб узмацненні мяжы з Беларуссю. Яны прапаноўваюць узмацніць сродкі абароны, у прыватнасці, шэраг мінных палёў.

Антон Каменскі, «Белсат»