У акупаваным Марыупалі запусцілі машыны прапаганды і заклікаюць атрымоўваць расейскія пашпарты


Марыупаль, раён Усходні. На фоне разбураных дамоў і людзей, якія прыйшлі па гуманітарную дапамогу, са спецыяльнага аўтобуса вяшчае расейская прапаганда.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Марыупаль-сіці», усяго акупанты запусцілі тры такія аўтобусы, расставілі па горадзе 12 вялікіх тэлеэкранаў і паведамілі пра выдачу расейскіх пашпартоў. Дзеля гэтага марыупальцам трэба прыехаць у Расею. Працэдура яшчэ не запушчана. Пакуль «гэта вялікія размовы», кажа дарадца мэра Марыупалю Пятро Андрушчанка.

«Якія будуць ахвотныя і колькі, паглядзім. Складана рабіць нейкія прагнозы, асабліва з улікам псіхічнага стану людзей, якія там застаюцца, і пры адсутнасці выбару. Гэта была б зразумелая гісторыя, калі б у людзей быў выбар: спакойна вярнуцца на тэрыторыю, кантраляваную Украінай, або абраць расейскі пашпарт. А паколькі ў цябе выбар, абраць расейскі пашпарт ці далей застацца без ежы, вады і гэтых усіх нармальных умоваў, ну як наагул гэта можна назваць выбарам?», – кажа дарадца мэра Марыупалю Пятро Андрушчанка.

25 траўня Пуцін, так бы мовіць, спрасціў умовы атрымання расейскага пашпарта для жыхароў акупаваных тэрыторыяў і падпісаў адпаведны ўказ. Дакумент датычыць Херсонскай і Запарожскай вобласцяў. Раней працэдура прадугледжвала спачатку атрыманне прамежкавага грамадзянства гэтак званай ДээНэР. Акрамя таго, цяпер, як паведамляе крамлёўскае выданне «РИА Новости», Запарожжа і Херсоншчыну пераводзяць на расейскі тэлефонны код +7. «У рэгіён зайшоў новы аператар мабільнай сувязі», пацвердзілі інфармацыйнаму агенцтву ў запарожкай акупацыйнай адміністрацыі. Імаверна, гаворка пра мабільны аператар «Фенікс», які належыць так званай ДНР. У Марыупалі ён дзее ад пачатку акупацыі. А на код +7 горад перайшоў тры тыдні таму.

«У прынцыпе, і Херсонская, і Запарожская вобласць праходзяць тое, што ўжо адбываецца ў Марыупалі. Туды яно дакочваецца трошкі ў іншым варыянце падачы. А вось гэтая фактычная інтэграцыя ўсіх сістэмаў дзеіць у Марыупалі ў поўны рост», – лічыць Пятро Андрушчанка.

Цяпер акупаваныя тэрыторыі зазнаюць поўную русіфікацыю і дэўкранізацыю. У тым жа Марыупалі навучальны працэс у школах працягнулі да 1-га верасня, каб падрыхтаваць дзяцей да расейскай навучальнай праграмы. Дзеля гэтага плануецца адкрыць 9 школаў. Праўда, ахвотных у іх выкладаць пакуль знайшлося няшмат – усяго 53. А ў Данецкай вобласці ў пасёлках Мангуш і Нікольскае знішчаюць украінскамоўныя кнігі. Падручнік па гісторыі краіны і літаратуры прызнаюць «экстрэмісцкімі» – паводле расейскага заканадаўства.

«Мяне не здзіўляе, што акупанты вырашылі працягваць навучальны год. Яны спяшаюцца зрабіць хоць штосьці, хоць якую атруту расейскую ўкінуць у дзіцячыя мазґі. Бо яны разумеюць, што ў Марыупалі іх саміх ужо не будзе. Украіна пераможа. Мы абавязкова вызвалім усе часова акупаваныя тэрыторыі, і гэта не выклікае ніякага сумневу», – кажа адукацыйны омбудсмэн Украіны Сяргей Гарбачоў.

Паводле апошніх звестак, ад рук расейскіх акупантаў у Марыупалі загінулі каля дваццаці тысячаў мірных жыхароў. Жылы фонд знішчаны на 90 адсоткаў.

Надзея Бельская, «Белсат»