Лукашэнка: «Ваенны ціск на нас, мы ўжо бачым, будзе здзяйсняцца праз Польшчу, Літву, Латвію»


Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што ў краіне будзе стварацца народнае апалчэнне. Маўляў, адпаведнае даручэнне даў напярэдадні Лукашэнка. А ў дадатак загадаў стварыць Паўднёвае аператыўнае камандаванне на ўкраінскім кірунку. Што стаіць за гэтымі целарухамі дыктатарскага рэжыму?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Калі паслухаць Лукашэнку, то ён толькі і робіць, што рыхтуецца да вайны. То з Польшчаю і Літвой, якія нібыта спяць і мараць адхапіць заходнія рэгіёны Беларусі ды Украіны, то ўласна з Украінаю. У часе нарады ў Міністэрстве абароны дыктатар абвесціў пра стварэнне яшчэ аднаго аператыўнага камандавання – у дадатак да існых на мяжы з краінамі – чальцамі NATO.

«Нам неадкладна трэба ствараць гэты аператыўны кірунак. Разам з заходнім, паўночна-заходнім будзе і паўднёвае крыло. Нават не стварыўшы яго, мы вымушаныя сёння – хутка, на хаду! – адпрацоўваць абарону нашых паўднёвых рубяжоў», – кажа Лукашэнка.

Дарэчы, заявы пра стварэнне Паўднёвага аператыўнага камандавання прагучалі пасля чарговага візіту Лукашэнкі да Пуціна ў Сочы. Украінскі ваенны эксперт, падпалкоўнік запасу Мікола Саламаха дапускае, што гаспадар Крамля можа ціснуць на дыктатара з Беларусі. А той цудоўна разумее, што для беларускага войска ўдзел у вайне супраць Украіны – гэта самазабойства. Зрэшты, нават папросту вайсковая актывізацыя Лукашэнкі на мяжы з Украінаю грае на руку Крамлю, бо вымушае ўкраінцаў трымаць частку войскаў паблізу мяжы з Беларуссю.

«Гэта цяпер вельмі патрэбна Пуціну для таго, каб хаця б невялікую частку Збройных сілаў Украіны адцягнуць ад тых асноўных кірункаў, дзе сёння адбываюцца вельмі крывавыя баі ды дзе расейцы не могуць дасягнуць вялікіх поспехаў», – тлумачыць Саламаха.

Адрэагаваў на ініцыятывы Лукашэнкі і афіцыйны Кіеў. Міхаіл Падаляк, дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта, заявіў, што напад на Украіну з тэрыторыі Беларусі стане самагубствам для беларускіх вайскоўцаў і канцом кіравання Лукашэнкі.

«Ваенны ціск на нас, мы ўжо бачым, будзе здзяйсняцца праз Польшчу, Літву, Латвію і праз дыслакаваныя там войскі Паўночна-Атлантычнага блоку», – кажа Лукашэнка.

Не застаюцца падобныя заявы незаўважанымі і ў Паўночна-Атлантычным альянсе. Сёння ў Вільні распачала працу вясновая сесія Парламенцкай асамблеі NATO, прысвечаная пагрозам, якія нясе вайна Расеі ва Украіне. У адмысловай дэкларацыі ў падтрымку Украіны ўдзельнікі сесіі згадваюць і дыктатара з Беларусі.

«Было шчыра зазначана, што мы будзем прыцягваць да адказнасці, і што Лукашэнка адказны за тое, што ён даў магчымасць Пуціну выкарыстаць Беларусь, тэрыторыю і інфраструктуру, у агрэсіі супраць Украіны. І што будуць пэўныя санкцыі за гэта», – кажа старшыня дэлегацыі Сейму Літвы ў Асамблеі NATO.

Дарэчы, што да іншай ініцыятывы Лукашэнкі – стварэння народнага апалчэння – у беларускім заканадаўстве няма нават гэткага панятку. Зрэшты, наўрад ці гэта бянтэжыць аўтара вядомага выразу пра «иногда не до законов».

Валера Руселік, «Белсат»