Беларусы масава здаюць квіткі «Белавія»


Цяперашнія чэргі ў касах кампаніі «Белавія» – не па сезонныя зніжкі. Гэта ўсё тыя, хто хоча вярнуць свае грошы праз адмену рэйсаў.

«З хлапцамі мы сабраліся адпачыць у Адэсе. Узялі квіткі тыдні два таму, але некалькі дзён таму адбылося здарэнне, праз якое нам прыйшлося ехаць і вяртаць квіткі», – распавядае Зміцер.

Паводле Змітра, з раніцы квіткі жадалі здаць каля васьмі дзясяткаў кліентаў. Як тлумачыць беларускі перавознік на сваёй старонцы, сродкі можна вярнуць цягам года там, дзе яны набываліся. Тым жа, хто купляў онлайн, давядзецца напісаць заяву і даслаць дакументы з пераліку на тым жа сайце, на імэйл. Калі праз агенцтва – звярнуцца да самога пасярэдніка. У гэтым выпадку сродкі вяртаюць яны.

«Цяпер не магу вылецець ва Украіну, у Львоў. І, на жаль, зараз мушу ісці і вяртаць свае грошы. І, на жаль, не ведаю, як цяпер ехаць. Трэба альбо ехаць да Масквы, а пасля ўжо да Еўрапейскага Звязу», – кажа Вольга.

Менскія самалёты Масква прымае, у адрозненне ад тых, што ляцяць, мінуючы Беларусь. Так, Расея адмовіла рэйсу з Вены авіякампаніі «О́стрыян» і «Эйр Франс»: Парыж – Масква. Афіцыйнага пацверджання пра тое, што ў Маскве прынялі такое рашэнне, няма. Шэраг расейскіх медыяў апублікаваў адпаведную інфармацыю, наагул не спасылаючыся на крыніцы. Авіяцыйны эксперт Багдан Далінцэ параўноўвае сітуацыю з той, калі Украіна і Расея закрылі адна для адной паветраную прастору. І спасылаецца на правілы Міжнароднай арганізацыі грамадскай авіяцыі.

«Ніякая дзяржава-чалец не павінна выкарыстоўваць спосабы кіраваннем паветраным рухам дзеля дасягнення альбо палітычных мэтаў, альбо для неабгрунтаванага абмежавання магчымасці бяспечнага выканання палётаў з нейкімі іншымі мэтамі, апроч гарантавання авіяцыйнай бяспекі», – кажа авіяцыйны эксперт Багдан Далінцэ.

Прымаць рэйсы з Беларусі афіцыйна адмовіліся 9 еўрапейскіх краінаў. Дасяжнымі засталІся толькі пяць: Вугоршчына, Кіпр, Турцыя, Сербія і Эстонія.

Надзея Бельская, «Белсат»