Судовы пераслед


У Вярхоўным Судзе разгледзелі апеляцыю на вырак Паўлу Спірыну. На разбор уласнай справы блогера не прывезлі: суд адхіліў ягонае хадайніцтва пра ўдзел, хоць Павел меркаваў абараняцца без адваката.

«Не пусцілі дзвюх сведкаў, якія пацярпелі ад дзеянняў сілавых структураў. Ніхто нікога нікуды не пусціў: Пашы няма, абараняць няма каго і няма каму, прысуд пакінулі без зменаў – 4 гады 6 месяцаў», – кажа блогерка Вольга Такарчук, якая прыйшла падтрымаць Паўла ў судзе.

Менскі гарадскі суд палітычнага вязня Паўла Спірына асудзіў 5-га лютага. Блогера абвінавацілі ў наўмысным распальванні варожасці паводле прыкметы сацыяльнай прыналежнасці, а ягоны фільм пра наркагандаль у Беларусі «Грань», размешчаны ў «Youtube», занеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

«Адзінае, што хацеў, гэта зрабіць лепш для дзяцей, каб нарката не распаўсюджвалася. За неўжыванне наркотыкаў. А зрабілі ўсё наадварот, як заўсёды», – лічыць сяброўка сям’і Спірыных Алена Шымановіч.

Суддзя Менскага гарадскога суда Дзмітрый Цыкала не вынес выраку, а пастанавіў аднавіць следства ў справе супраць Ціхана Восіпава. Паводле следства, у ноч на адзінаццатага жніўня хлопец браў удзел у акцыях пратэсту, наехаў сваім аўтамабілем на пяцярых вайскоўцаў, пасля чаго ўтапіў аўта ў вадаёме і заявіў у міліцыю пра згон.

«Машына была разбітая. На багажніку было больш як сем куляў, адна куля была ў машыне. Усе сведкі, якія давалі паказанні, казалі, што ні ў кога не было зброі і не было загаду выкарыстоўваць зброю. Так і не высветлілася, адкуль была зброя і хто страляў, хто хацеў патрапіць у машыну, хто біў гэтую машыну», – кажа жонка Ціхана Восіпава Вольга.

У судзе Баранавіцкага раёну траіх фігурантаў пакаралі ў чарговай «чыгуначнай справе».

Мужчынаў прызналі вінаватымі ў псаванні транспартавага абсталявання з мэтаю заблакаваць рух чыгункі. Абвінавачаныя прызналі дзеянні, але адмовілі, што чыгунка ў выніку была пашкоджаная.

У судзе Кастрычніцкага раёну сталіцы двума гадамі пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем пакаралі Алега Бабініча. Мужчыну вінавацілі ў абразе памочніка прэзідэнта Аляксандра Барсукова.

«Абраза службовай асобы – гэта артыкул 369. Да яго прыйшлі дадому і забралі», – кажа Кацярына, сяброўка Алега Бабініча.

Пры ператрусе ў мужчыны знайшлі насенне канопляў. У лютым справу закрылі, але ў сакавіку зноў распачалі і пакаралі ў выніку за захоўванне наркатычных сродкаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»