Канстытуцыю памяняюць у пачатку 2022 года


Рэферэндум аб зменах Канстытуцыі можа адбыцца ў пачатку наступнага году разам з мясцовымі выбарамі. Аднак ці адмовіцца Аляксандр Лукашэнка ад уласных паўнамоцтваў?

Рэферэндум пра змены ў Канстытуцыю Беларусі плануюць на студзень – люты налета – заявіла старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына. А правядзення волевыяўлення сёлета ў канцы лета ці пачатку восені нават не абмяркоўваюць. Раней пра такое апытанне грамадзянаў на Усебеларускім народным сходзе абвесціў Аляксандр Лукашэнка ды паабяцаў радыкальнае пераразмеркаванне паўнамоцтваў.

Чарговы варыянт Канстытуцыі адмысловая камісія мае прэзентаваць да 1-га жніўня. Але ці адмовіцца Лукашэнка ад уласных паўнамоцтваў?

«Мэсідж, які мы чуем ад афіцыйных асобаў, якія займаюцца Канстытуцыяй, ад прадстаўнікоў розных прадзяржаўных арганізацыяў, нават ад самога Лукашэнкі, – што прэзідэнт мусіць застацца моцным. Мы не ведаем, што гэта можа значыць на практыцы, але гучыць не вельмі натхняльна. І, хутчэй, нагадвае, што сістэма, якая ёсць, хутчэй будзе кансервавацца», – лічыць доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.

Правядзенне рэферэндуму ўлады могуць сумясціць з мясцовымі выбарамі: апошні тэрмін – 16-га студзеня наступнага года.

«Будучыя мясцовыя выбары ды электаральная мабілізацыя насельніцтва ўлады хвалююць менш за ўсё. Іншая справа, што сумясціць два мерапрыемствы – гэта правільнае рашэнне з пункту гледжання і затрат рэсурсаў, і затрат нейкай энергіі. Для самой улады гэта будзе спакайней», – адзначае палітолаг Сяргей Нікалюк.

20-га снежня скончацца паўнамоцтвы дзейнага складу Цэнтральнай выбарчай камісіі ў справе выбараў і правядзення рэферэндуму. Новую камісію могуць прызначыць напярэдадні мясцовых выбараў.

Старшыня камісіі Лідзія Ярмошына заявіла, што больш не плануе заставацца на сваёй пасадзе. Гэтае месца яна займае амаль чвэрць стагоддзя.

Ігар Станкевіч, «Белсат»