У Суэцкім канале адбыўся затор


Гіганцкія заторы бываюць не толькі на дарогах – як высвятляецца, на вадзе таксама. 400 мільёнаў долараў – столькі ў гадзіну каштуе блакаванне Суэцкага каналу. Кантэйнеравоз «Ever Given» спрабуюць зняць з мелі, каб разблакаваць водны шлях, але сёння гэта зноў не атрымалася. Тым часам з‘явіліся новыя версіі прычынаў здарэння з караблём.

321 судна стаіць у чарзе на праход праз Суэцкі канал. Водная артэрыя заблакаваная кантэйнеравозам «Ever Given», які захрас на мелі папярок рэчышча. Афіцыйныя звесткі прагучалі на адмысловай прэс-канферэнцыі ў ІсмаілІі.

«Мы забяспечваем іх усім неабходным, пра што яны просяць», – сказаў кіраўнік упраўлення Суэцкага каналу Усама Рабіэ.

Спробы скрануць кантэйнеравоз з месца працягваюцца пяты дзень. У працы задзеялі магутныя буксіры, а таксама судны з дрэнажным абсталяваннем. З месца здарэння вынялі 20 тысяч тонаў грунту. З самога кантэйнеравозу адпампавалі тысячы тонаў баластнай вады. Аднак намаганні пакуль беспаспяховыя.

«Мы цяпер у складанай сітуацыі. Вялікі карабель даўжынёй 300 метраў стаў упоперак Суэцкага каналу. А шырыня каналу складае 250 метраў», – зазначыў Усама Рабіэ.

Рабіэ не выключыў, што канал мог быць заблакаваныя наўмысна. Канчатковыя прычыны, паводле яго, будуць высветленыя падчас расследавання.

Першапачаткова паведамлялася, што інцыдэнт адбыўся праз неспрыяльнае надвор’е: з-за моцнага ветру і пясчанай буры судна адхілілася ад курсу.

Кантэйнеравоз «Ever Given» сеў на мель у паўднёвай частцы Суэцкага каналу ў ноч на сераду. Карабель, што кіраваўся з Кітаю ў Нідэрланды, цалкам заблакаваў рух праз канал у абодва бакі.

Суэцкі канал – адзін з самых ажыўленых водных шляхоў у свеце. Адкрыты ў 1869 годзе, ён застаецца найважнейшым маршрутам паставак нафты з Блізкага Усходу ў Еўропу і ЗША, а таксама адным з важнейшых гандлёвых маршрутаў свету.

Блакаванне Суэцкага каналу можа каштаваць сусветнаму гандлю ад 6 да 10 мільярдаў долараў на дзень.

Анастасія Русецкая, Белсат