Сын кіраўніка МЗС пайшоў супраць бацькі і ўсёй сістэмы

Віталь Макей, сын міністра замежных справаў раскрытыкаваў заяву беларускай дыпламатыі на адрас амбасады ЗША. Уладзімір Макей публічна адказаў уласнаму сыну і іншым крытыкам беларускага МЗС.

«Знарочыста хамаватая зухаватасць» – гэтак былы супрацоўнік Міністэрства замежных справаў Віталь Макей пракаментаваў адказ дыпведамства нашай краіны амбасадзе ЗША, якая павіншавала беларусаў з Днём Волі.

«Мне сумна, што мае былыя калегі, да шмат каго з якіх я шчыра адчуваю сяброўскія пачуцці, вымушаныя мірыцца з сітуацыяй, пры якой немагчыма свабодная, стваральная творчасць. Вельмі хацелася б, каб у гэты задушлівы час прафесіяналы захавалі свае веды, навыкі, досвед і маральныя арыенціры», – напісаў Віталь Макей у LinkedIn.

Напярэдадні МЗС Беларусі ў адказ на віншаванні амбасады ЗША заявіла пра гатоўнасць даць беларускае грамадзянства амерыканскаму паслу Джуліі Фішэр, каб яна магла галасаваць на выбарах, а таксама прапанавала супольна кіраваць Аляскай:

«Глыбока прасякнуўшыся ўвагаю ЗША да лёсу Беларусі, у якасці кроку ў адказ мы можам зрабіць бескарыслівы ўнёсак у развіццё сельскай гаспадаркі Аляскі і эфектыўнае засваенне яе зямель».

Уладзімір Макей – бацька Віталя – у адказ на крытыку такога дыпламатычнага стылю перарваў працяглае маўчанне ў сацыяльных сетках і апублікаваў у Instagram здымак свайго… сабакі з допісам:

«Велізарная колькасць каментароў наконт учорашняе заявы прэс-службы МЗС, пры тым, канстытуцыйная большасць – пазітыў, гаворыць аб правільнасці і актуальнасці пытання. Дарэчы, гэтая заява датычыць не толькі заакіянскіх партнёраў, але і тых, хто бліжэй… ЛЮБЛЮ БЕЛАРУСЬ!!!»

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі Віталь Макей працаваў пад кіраўніцтвам свайго бацькі Уладзіміра Макея да леташніх пратэстаў. У канцы верасня 2020 года ён звольніўся.

Анастасія Русецкая Белсат

Глядзі таксама