На вуліцы Менску выйшлі сілавікі


Сёння ў Беларусі мелася распачацца пратэставая вясна. Раніцай шэраг тэлеграм-каналаў сумесна з незалежным аб’яднаннем сілавікоў BYPOL апублікавалі план дзеянняў.

Людзей заклікалі збірацца спачатку ў раёне плошчы Якуба Коласа, а затым – на плошчы Бангалор. Увесь цэнтр Менску загадзя ачапілі сілавікі, заехала спецтэхніка. Сілавікамі былі перакрыты некаторыя вуліцы ў раёне плошчы Бангалор. Абодва бакі чакалі вялікую колькасць людзей.

«Прагназавана гэтай вялікай колькасці не адбылося. Таму што частка людзей проста запалохана, частка людзей у апатыі і не разумее, дзеля чаго рызыкаваць і навошта выходзіць. Адносна шмат невялікіх акцыяў ва дварах, ну і аблавы ў раёне плошчы Бангалор», – зазначае сённяшнюю актыўнасць палітолаг Вольга Харламава.

Упраўленне Следчага камітэту яшчэ да абвешчаных акцыяў заявіла пра ўзбуджэнне крымінальнай справы па факце заклікаў у тэлеграм-каналах выходзіць на пратэсты. Разам з тым ведамства папярэдзіла, што да крымінальнай адказнасці будуць прыцягнуты ўсе затрыманыя сёння на акцыях пратэстаў.

«Запалохванне, страх – гэта досыць складаная эмоцыя і тут можна пераціснуць. Калі пераціснеш, то атрымаеш адваротную рэакцыю. У адзіны момант гэты страх будзе выціснуты разуменнем, што а губляць ужо няма што», – лічыць палітолаг Вольга Харламава.

Удзень сілавікі зладзілі сапраўднае паляванне на мірных жыхароў і ладзілі кропкавыя затрыманні па ўсёй сталіцы. А пасля абеду ў тэлеграм-канале МУС Беларусі з’явілася інфармацыя пра затрыманне людзей з колюча-рэжучымі прадметамі і пісталетамі. Некаторых з іх паказалі на відэа:

«За што затрыманы? – Сказалі, што ў мяне нібыта быў нож, газавы балончык, аэразольнае прыстасаванне, спускавое прыстасаванне. – В несанкцыянаваных масавых мерапрыествах удзельнічаеш? – Не».

«Дзе вы былі затрыманыя? – На Пушкіна! – Што было пры вас знойдзена? – Сякера».

У той жа час Міністэрства ўнутраных справаў заявіла, што ў Беларусі пратэстная актыўнасць прыбліжана да нуля. Пратэсту няма, а затрыманні – ёсць. На момант стварэння матэрыялу праваабаронцы паведамлялі пра амаль сотню затрыманых цягам дня ў Менску.

Пры гэтым BYPOL зазначыў, што сабрацца ў адным месцы пратэстоўцам не атрымалася, і прапанаваў беларусам працягваць дэцэнтралізаваныя акцыі пратэстаў.

Ірына Карніенка, Белсат