Беларускія акторы тэатру знаходзяцца пад рэпрэсіямі


У міжнародны дзень тэатраў беларускія акторы пад рэпрэсіямі, але з чыстым сумленнем

Крысціна Дробыш адпрацавала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы 7 сезонаў. У Купалаўскі яна прыйшла па сканчэнні Акадэміі мастацтваў і адразу трапіла ў склад асноўнай акторскай трупы, атрымоўвала вялікія ролі.

«І я была вельмі шчаслівая, калі туды трапіла. Памятаю хадзіла нейкі час і пра сябе ў мяне ў галаве было «Я актрыса Купалаўскага, я актрыса Купалаўскага». Я не магла паверыць у гэта. І я доўга так хадзіла, напэўна з год. Я ішла на першы збор трупы, я трымцела, адчуванне было, што я 1 верасня іду ў першы клас. Штосьці такое… І тое, гэта было, напэўна, не так хваляюча. Гэта стала домам», – узгадвае былая актрыса Купалаўскага тэатру Крысціна Дробыш.

Летась разам з калегамі Крысціна выступіла ў падтрыманне мірных пратэстоўцаў і асуджэнне гвалту з боку сілавікоў падчас жнівеньскіх падзеяў. Была ў шэрагу 58 актораў і працаўнікоў, якія звольніліся з вядучага тэатру краіны.

«Мы ўсе пабачылі, мы бачылі, што адбывалася, і мы не ўяўлялі абсалютна, як можна выйсці на сцэну. А ў нас мусіла быць прэм’ера напрыканцы жніўня. Мы не ўяўлялі, як што, як цяпер можна прыходзіць у тэатр, як цяпер рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Можна было пайсці дамовіцца са сваім сумленнем, але як з гэтым жыць потым?» – разважае актрыса.

Аднак трупа не распалася. Цяпер спектаклі Свабодных Купалаўцаў можна глядзець на Youtube-канале.

Вымушаныя шукаць свайго месца ў Вільні былыя акторы Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатру, якія ў верасні спынілі спектакль праз затрыманне сваіх калегаў. А ў кастрычніку падтрымалі ўсебеларускую забастоўку, калі кіраўніцтва не згадзілася на іхныя ўмовы супрацы.

«Мы былі запрошаныя на сустрэчу ў расейскі тэатр. Сустрэліся з дырэктарам, галоўным рэжысёрам і загадчыкам трупы. Мы пакамунікавалі. Плануем пасупрацоўнічаць і выпусціць прадукт, добры прадукт», – распавядае Васіль Мініч, была актор Гарадзенскага драмтэатру.

Як падкрэслівае тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў, якога звольнілі з Акадэміі мастацтваў праз забастоўку, беларускія тэатры ніколі не былі вольнымі ад дзяржаўнай цэнзуры, і магчымасць паказу пэўных спектакляў – вялікае дасягненне.

«Вельмі рэдка калі беларускія тэатральныя дзеячы выказваліся ад сябе наконт грамадска-палітычнай сітуацыі. Цяпер гэта ўсё вельмі моцна змянілася, і тое, што раней рабіў адзін Свабодны тэатр… То цяпер у нас такіх Свабодных тэатраў шмат», – мяркуе тэатральны крытак Аляксей Стрэльнікаў.

Былы амбасадар, міністр культуры і дырэктар Купалаўскага тэатру, а цяпер кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка глядзіць на гэтую сітуацыю як на магчымасць раскрыцця ўнутранага культурніцкага патэнцыялу праз з’яўленне крэатыўных праектаў і пазадзяржаўнага падтрымання.

«Я перакананы, што праз гэта, пазней, калі мы ўжо пачнем будаваць новую Беларусь – гэта будзе новы подых, новы этап. Вельмі стратэгічны, вельмі важны этап развіцця нацыянальнай беларускай культуры як у самой Беларусі для беларускага грамадства, так і запатрабаванасці яе ў свеце», – падкрэслівае Павел Латушка.

А ціск на дзеячаў культуры працягваецца дагэтуль. Паводле звестак Беларускага фонду культурніцкай салідарнасці, са жніўня 2020 года да сёння пад рознага кшталту рэпрэсіі трапілі 524 прадстаўнікі культуры, болей як 120 чалавек з іх з тэатральнай галіны.

Марыля Дакуцька, «Белсат»