У розных краінах ушанавалі памяць Барыса Нямцова


Не толькі ў Маскве, не толькі ў Расеі. Сёння ў розных частках свету палітыкі, грамадскія дзеячы і проста прыхільнікі дэмакратыі ўшанавалі памяць Барыса Нямцова. Апазіцыйнага палітыка забілі роўна 6 гадоў таму пад сценамі Крамля. Акцыі памяці сталіся таксама праявамі салідарнасці з ахвярамі палітычнага пераследу ў Расеі.

На гэтым месцы, на гэтым мосце непадалёк ад Крамля роўна 6 гадоў таму кілер застрэліў у спіну былога віцэ-прэм’ера Расейскай Федэрацыі. Барыс Нямцоў быў выклікам для дыктатуры Пуціна, кажуць ягоныя сябры і паплечнікі. На Крэмль і ФСБ яны ўскладаюць адказнасць за палітычнае забойства – адно з мноства.

«Рэжым становіцца ўсё больш жорсткім і антыканстытуцыйным. І наш абавязак – аказваць гэтаму супраціў», – заявіў, усклаўшы кветкі, расейскі апазіцыйны палітык Уладзімір Рыжкоў.

Акцыі памяці Барыса Нямцова адбыліся ад Аўстраліі і Новай Зеландыі да Прагі і Вільні.

Гэтак, у літоўскай сталіцы прайшоў мітынг ля расейскай амбасады – у скверы Нямцова.

«Гэта быў сапраўдны дэмакрат, чалавек, які, калі Расея звярнула на шлях дыктатуры, адмовіўся ад магчымасцяў пры ўладзе і стаў адным з лідараў расейскай апазіцыі», – прыгадаў Іван Цютрын, прадстаўнік Форуму свабоднай Расеі.

«Ён быў сімвалам таго, што Расея можа быць і іншай. Еўрапейскай, дэмакратычнай. Ён быў палітыкам вялізнага маштабу, прэзідэнцкага маштабу», – кажа спавяшчальнік Еўрапарламенту ў справе Беларусі Пятрас Аўштравічус.

Навуковец, губернатар, міністр энергетыкі, намеснік кіраўніка ўраду, дэпутат, а потым апазіцыйны палітык, Барыс Нямцоў умеў спалучаць досвед працы і ва ўладах, і ў партыях, і ў першаснай арганізацыі вулічных акцыяў.

«Падобна, Крэмль вельмі добра разумеў гэтыя ягоныя якасці, наверсе гэта разумелі. Таму яго і забілі», – перакананы Данііл Канстанцінаў, прадстаўнік Форуму свабоднай Расеі.

Барыс Нямцоў быў наймацнейшым спікерам у Расеі з тых, якія абаранялі Беларусь, кажа Анатоль Лябедзька, былы кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

«Ён першы сказаў, што Беларусь – гэта еўрапейская краіна, якая мусіць ісці ў Еўропу як мага хутчэй. Бо Расея не будзе даваць гэта зрабіць».

Для Уладзіміра Пуціна Нямцоў быў нязручным і сваімі антыкарупцыйнымі расследаваннямі.

«Тое, што пачаў рабіць Навальны, першым пачаў рабіць Нямцоў. Ён выпускаў кнігі і пра Алімпійскія гульні ў Сочы, і пра карупцыю», – нагадвае Анатоль Лябедзька.

І пра вайну, развязаную Крамлём ва Украіне. Нямцова забілі, калі ён працаваў над справаздачай «Пуцін. Вайна», даследаваннем выдаткаў і ахвяраў Расеі падчас анексіі Крыму і захопу часткі Данецкай і Луганскай вобласцяў.

За выкананне забойства Маскоўскі акружны вайсковы суд асудзіў пяцёх расейцаў каўказскага паходжання на турэмныя тэрміны ад 11 да 20 гадоў. Арганізатараў і замоўцаў злачынства дагэтуль не вызначылі – афіцыйна.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»