Каронавірус ужо год у Беларусі: падсумаванне

Тое, што эпідэмія прыйшла ў Беларусь, выявілася 27 лютага год таму, калі зафіксавалі першы выпадак каронавіруса ў іранскага студэнта. Пазней асяродак інфекцыі ўзнік у Віцебску. Пра першую смерць незалежныя медыі паведамілі 20 сакавіка. Але афіцыйна першую ахвяру прызналі праз 10 дзён, калі памёр актор віцебскага Коласаўскага тэатру Віктар Дашкевіч.

Улады абралі тактыку – замоўчваць праблему.

Не бачыць маштабаў каронавірусу і афіцыйная статыстыка. Пра гэта кажуць некалькі гэтак званых статыстычных анамаліяў. Галоўная – няправільны стасунак між колькасцю выпадкаў інфікавання каронавірусам і колькасцю памерлых. У Беларусі колькасць смерцяў складае менш за адзін адсотак усіх вЫпадкаў. У іншых жа краінах смерці – гэта 3-7 адсоткаў інфікаваных. То бок калі абапірацца нават на афіцыйную колькасць выпадкаў, у Беларусі было мінімум 8 тысяч памерлых праз каронавірус. Але і да ліку выпадкаў у нашага эксперта ёсць пытанні.

«Графікі павінны выглядаць наступным чынам: калі браць штодзённыя выпадкі – яны павінны выяўляць гэтак званую логанармальную крывую, то бок хуткі пераход на пік і вельмі доўгае падзенне. Калі браць першую хвалю, то ў нас падзенне было дастаткова кароткім. Карацейшым, чым у прынцыпе павінна быць паводле статыстыкі», – тлумачыць сацыяльны аналітык Андрэй Шуман.

Стасунак колькасці смерцяў і выпадкаў. Фота: belsat.eu

Адрознівацца ад суседзяў улады пастанавілі не толькі ў статыстычных падліках. Калі іншыя краіны адразу зачынялі межы, то ў Беларусі межы зачынілі 2 месяцы таму дый тое толькі на выезд. Масачны рэжым увялі ў лістападзе. Але тых, хто не прыкрывае твару, не штрафуюць, таму прытрымліваюцца рэжыму не ўсе.

«Медычныя захады бяспекі могуць быць і ўзмоцненыя. Мала прапаганды, мала тлумачэнняў, што ды як. Аўдыторыя не вельмі прымае. У гэтым пытанні, я лічу, зрабілі далёка не ўсё», – лічыць кандыдат медычных навук Аляксандр Сыкала.

А што думаюць жыхары сталіцы пра цяперашнія захады бяспекі?

«Заўважаю людзей, якія заходзяць без маскі. Працаўнікі крамы нічога не робяць. Калі працаўнікі нічога не робяць, то, значыць, і кіраўніцтва нічога не робіць, і так далей».

«Мінімальныя штрафы ўвялі б. Я б звяртаўся неяк, каб больш праз тэлебачанне паказвалі, каб людзі насілі маскі».

«У транспарце ўвогуле абы-што робіцца. Бывае, і кандуктары нават без масак ходзяць, апрацоўвання я ўвогуле не назіраю асабліва, таму захадаў асабліва ніякіх не ўжылі. У нас і каранціну ў прынцыпе няма».

Напярэдадні ў Беларусі вырабілі першую партыю расейскае вакцыны «Спутник V». Плануюць выпускаць па 500 тысяч дозаў на месяц. Таксама з’явілася кітайская прышчэпка «China National Biotec Group». Заходніх вакцынаў не замовілі.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»

Глядзі таксама