Няма тэсту – няма хваробы? Выйшлі новыя рэкамендацыі Міністэрства здароўя


Тэстаў на ковід тым, хто жыве разам з хворым, цяпер могуць і не зрабіць. У новых рэкамендацыях Міністэрства здароўя магчымасць бясплатных тэстаў для кантактаў пазначаная для асобаў толькі з сімптомамі каронавіруса ці вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыі. Напярэдадні Лукашэнка прапаноўваў выключыць дыягностыку для тых, хто сімптомаў хваробы не мае.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Можа нам не тэставаць усіх, а прапаноўваюць тэставаць толькі тых, у каго ўжо з’явіліся сімптомы. Паглядзіце са сваёй медычнай супольнасцю гэтую маю прапанову на практычны прадмет».

Але інфікаваны без сімптомаў такі ж небяспечны, як і хворы. І выяўляць такіх людзей вельмі важна, падкрэсліваюць медыкі.

«Калі не ўстаноўлены гэты факт, то адпаведна, няма захадаў для выключэння распаўсюду інфекцыі ад чалавека, які не праяўляе сімптомаў. У гэтым і пагроза заключаецца», – кажа былы галоўны санітарны доктар Менку і Менскага раёну Іван Вайтовіч.

Афіцыйна ж ніякай пагрозы ў Беларусі няма.

Нягледзячы на тое, што ў Менску з кожных пяці хворых на ковід чацвёра маюць звышзаразны штам о-мікрон, афіцыйна колькасць новых выпадкаў інфекцыі цягам содняў у Беларусі застаецца стабільнай і не перавышае дзвюх тысячаў. Сёння гэта 1974 выпадкі.

Суседнія ж краіны паведамляюць не проста пра рэзкае павышэнне колькасці новых выпадкаў, але і пра рэкорды ад пачатку пандэміі. У Польшчы шэраг школьнікаў зноў пераходзяць на дыстанцыйнае навучанне, а тэсты на каронавірус бясплатна можна будзе зрабіць нават у аптэках. Рост захворванняў сярод дзяцей і моладзі непакоіць украінскіх медыкаў.

«Больш за 25 адсоткаў хворых – гэта моладзь да 30 гадоў. Гэта нас вельмі непакоіць, ужо даўно ў нас не было такіх паказнікаў», – кажа эпідэміёлаг з Харкаўскага абласнога цэнтру кантролю захворванняў Ганна Сухарукава.

Пра рэкордныя лічбы заражэння паведамляюць Вугоршчына, Чэхія, Румынія, Нямеччына, Індыя, Паўднёвая Карэя ды іншыя краіны. А вось Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, адкуль і распаўсюдзіўся па свеце штам о-мікрон, лічаць яго хвалю завершанай.

«Асноўная статыстыка такая – на 80 адсоткаў менш смерцяў ад о-мікрону ў параўнанні з пацыентамі ў папярэдніх трох хвалях. На 75 адсоткаў менш шпіталізацыяў у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі. І, што важна, працягласць перабывання ў шпіталі пры о-мікроне зменшылася з дзевяці да чатырох дзён», – кажа інфекцыяніст з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Фарыд Абдула.

У нас жа пік хвалі яшчэ наперадзе, і ў небяспецы – дзеці.

«Дзяцей, напрыклад, адпраўляць на дыстанцыйную форму навучання, павялічваць канікулы і гэтак далей – гэта харошая захада была б для таго, каб знізіць інтэнсіўнасць эпідэмічнага працэсу. Але сістэма адукацыі неахвотна ідзе на дыстанцыйнае навучанне, хоць гэтая захада найлепшая была б», – перакананы Іван Вайтовіч.

Апроч гэтага, захады бяспекі застаюцца тыя ж – насіць маскі ў грамадскіх месцах, мыць рукі і прышчапіцца ад каронавіруса.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»