Такаеў другі раз уступіў на пасаду прэзідэнта Казахстану


З праваю рукою на Канстытуцыі, у перапоўненай зале Палацу незалежнасці Касым-Жамарт Такаеў прыносіць прысягу. І афіцыйна робіцца новым-старым прэзідэнтам Казахстану.

«Урачыста клянуся верна служыць народу Казахстану, строга кіравацца Канстытуцыяй і законамі Казахстану, гарантаваць правы і свабоды грамадзянаў, добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі прэзідэнта Рэспублікі Казахстан», – прысягае Касым-Жамарт Такаеў.

Да гэтай прысягі Такаеў кіраваў краінаю больш за тры гады. Але калі на мінулых выбарах успрымаўся як пераемнік Нурсултана Назарбаева, то на гэтыя ішоў з іміджам самастойнага палітыка. Цягам жа апошняга года ў Казахстане актыўна адбывалася так званая дэназарбаевізацыя. Сталіца замест Нурсултану ізноў стала Астаною, імя Назарбаева знікла з шыльдаў вуліцаў, адбыліся і іншыя перамены.

«Мы больш не бачым, што дочкі Назарбаева ачольваюць нейкія кампаніі, што, напрыклад, ягоная ўлюбёная Дырыга Назарбаева больш не дэпутатка парламенту Казахстану. Мы бачым, што зяці Назарбаева сыходзяць са сваіх пасадаў», – кажа эксперт у пытаннях Цэнтральнай Азіі Тэмур Умараў.

Паводле ж абноўленай Канстытуцыі, гэты тэрмін для Такаева мае быць апошнім. Але праваабаронца Галым Агелеуаў мае пэўныя сумневы:

«Прэзідэнт – нягледзячы на заявы, што гэта будзе адзін тэрмін. Але ў нас Назарбаеў таксама заяўляў пасля свайго першага перыяду кіравання, што ў яго будзе два разы па пяць гадоў, і больш ён не будзе прэзідэнтам, зыходзячы з Канстытуцыі. Але потым свайго слова не стрымаў».

Бадай, самаю значнаю падзеяй у Казахстане за мінулы тэрмін кіравання Такаева сталі масавыя пратэсты, якія выбухнулі сёлета ў студзені. Іх прычынаю стала значнае падаражэнне звадкаванага газу, але неўзабаве пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі палітычнага кіраўніцтва краіны. На здушэнне пратэстаў кінулі вайсковы кантынгент АДКБ. Загінулі сотні чалавек.

У беларусаў рыторыка Такаева часу пратэстаў можа выклікаць пэўнае дэжа-вю. Як і афіцыйны вынік Касым-Жамарта Такаева на выбарах 20 лістапада. Гэта, паводле мясцовага ЦВК, 81,3 %. Падобныя лічбы за Аляксандра Лукашэнку традыцыйна дэманструе ЦВК беларускі. Падабенства краінаў і ў тым, што абедзве – у геапалітычнай арбіце Расеі. Але ці змог бы ў Беларусі адбыцца падобны транзіт улады, які ажыццявіўся ў Казахстане?

«Бачым, якім чынам адбываюцца змены ў перафарматаванні палітыкі, палітычнае сістэмы па выніках рэферэндуму, які быў у лютым. І ўсё гэта сведчыць хутчэй пра тое, што ўлада будзе канцэнтравацца ў руках Лукашэнкі, а не пра тое, што сапраўды рыхтуецца нейкі транзіт», – адзначае палітолаг Андрэй Казакевіч.

Першы візіт у якасці пераабранага прэзідэнта Такаеў здзейсніць у Маскву. Адметна, што пасля ўсіх ранейшых прэзідэнцкіх выбараў новаабраны кіраўнік краіны найперш ехаў менавіта ў Крэмль. Візіт запланаваны на найбліжэйшы панядзелак.

Аналітыка
І амністыя, і выбары, і рэформы. Чаму палітыка Такаева так адрозніваецца ад дзеянняў Лукашэнкі
2022.11.19 07:30

Алесь Яшчанка, Белсат