САЗ: каронавірус мутаваў надзвычай хутка


У шэрагу краінаў зрабілі больш жорсткімі правілы ўезду з поўдня Афрыкі. Бо ў ПАР зарэгістраваны новы варыянт каронавіруса. «B.1.1.529» мае неймаверную колькасць мутацыяў – трыццаць дзве з вядомых нам 50-ці, таму выклікае непакой у адмыслоўцаў. Уздзеянне гэтага штаму будуць назіраць, аднак навукоўцы ўжо сёння кажуць, што ён можа аказацца больш заразным за «дэльту».

Новы варыянт віруса з пяцідзесяці вядомых даследвальнікам мутацыяў, мае ажно 32 – выявілі брытанскія навукоўцы, назіраючы за геномамі каронавірусу пад час успышкі хваробы ў Паўднёвай Афрыцы. Перадалі звесткі тамтэйшаму міністру аховы здароўя Джоў Фаала.

«Новая мутацыя, новы варыянт – гэта сур’ёзная праблема, якая цяпер выклікае ўспышку захворванняў. У выходныя мы правядзём паседжанні Рады ў справах каронавіруса пры ўрадзе і кабінеце міністраў, каб абмеркаваць магчымыя наступствы новай сітуацыі», – паведаміў Джоў Фаала.

Мутаваны вірус выявілі пакуль у сотні асобаў. Назвалі варыянт B.1.1.529, хоць новым штамам яго лічыць заўчасна, лічаць у Сусветнай Арганізацыі здароўя, якая пасля ранішняга спаткання склікала нараду тэхнічнай кансультатыўнай групы па эвалюцыі вірусаў (TAGVE).

«Папярэдні аналіз паказвае, што гэты варыянт мае вялікую колькасць мутацыяў, якія мы будзем вывучаць. Спатрэбіцца некалькі тыдняў, каб зразумець, як дзейнічае новы штам. Даследнікі працуюць, каб лепш зразумець, (…) як мутацыі могуць паўплываць на нашую дыягностыку, тэрапію і вакцынаванне. Гэты варыянт, B.1.1.529, распаўсюдзіўся з дзіўнаю хуткасцю», – рэзюмаваў прадстаўнік САЗ Крыстыян Ліндмаер.

Шэраг краінаў абмежавалі ўезд з Паўднёвай Афрыкі. Іспанія, Ірландыя, Бельгія, Нідэрланды, Чэхія, Італія, Аўстрыя, Вялікая Брытанія і іншыя.

«У апошнюю хвіліну ўдалося вярнуцца, гэта стрэсуе. Але што зрабіць? Гэта як гуляць у шахматы. Цешуся, што я тут», – цешылася ў аэрапорце брытанка Ларэн Лоўсэн, якой удалося яшчэ сёння вярнуцца з Паўднёвай Афрыкі.

Еўракамісія заклікала ўсе 27 краінаў Еўразвязу прыняць супольныя захады бяспекі – прыпыніць усе рэйсы з паўднёвай часткі Афрыкі, прымаць адтуль толькі сваіх грамадзянаў, якія па прыбыцці маюць прайсці абследаванне.

«Паколькі новы варыянт толькі пачаў распаўсюджвацца, спрабавацьмем даць яму ацэнку, каб ведаць, з чым насамрэч мы сутыкнуліся. Так што галоўны мэсідж сёння ў тым, што вы мусім ведаць ворага, каб з ім змагацца».

Мінаховыздароўя Беларусі не змяняла свайго стаўлення да пандэміі ў звязку з новым выклікам. У Менску сёння прынялі чарговую партыю дапамогі ад ЮНІСЭФ на суму $ 387 280.

Юлія Цяльпук, «Белсат»