Лукашэнка прыехаў агітаваць мігрантаў


Напачатку тыдня вінаваціў міжнародныя арганізацыі ў тым, што прыязджаюць да мігрантаў пакрасавацца ды, цытата, «за нос дзіця пачасаць», а напрыканцы тыдня і сам прыляцеў у Брузгі. Аляксандр Лукашэнка наведаў лагістычны цэнтр ля польскай мяжы, у якім утрымоўваюцца каля двух тысяч мігрантаў. Там яго сустрэла ўдзячная публіка.

«Мы хочам з’ехаць, хочам трапіць у іх асяродкі, у заходнія. Адкрыйце там асяродкі, а мы пакінем гэтыя джунглі, памежны лес птушкам», – кажа мігрант з Іраку.

Лукашэнка заявіў мігрантам, што прымусовай рэпатрыяцыі не будзе і паабяцаў не лавіць на мяжы ды спрыяць, нават калі гэта будзе кепска для суседніх краінаў. А заадно і прыгразіў суседзям.

«Калі мы цяпер не вырашым праблему бежанцаў, яна будзе на парадак магутнейшай не толькі ўвесну, але і зімой. Мы разумеем, што сюды хлыне велізарная колькасць уцекачоў, і стрымаць іх на мяжы будзе немагчыма», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Мігранты не спыняюць спробаў трапіць у Аб’яднаную Еўропу. Міністэрства ўнутраных справаў Літвы заявіла, што, магчыма, закрые пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Бо ў апламбаванай беларускай фуры памежнікі выявілі чатырох уцекачоў.

«Гэты чалавек, спадар Лукашэнка, абсалютна непрадказальны, і мы не ведаем, што можа прыйсці яму ў галаву. Нашая мэта – аказаць ціск як на Еўразвяз, так і на ўсіх іншых узроўнях, каб спадара Лукашэнку, які арганізаваў увесь гэты міграцыйны крызіс, прыцягнулі да адказнасці», – заявіла міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце.

Цягам содняў літоўскія памежнікі не пусцілі ў краіну 29 асобаў, якія спрабавалі нелегальна перайсці мяжу. Пра 217 такіх спробаў заявіла Польшча. Між іншага, група з двухсот асобаў чарговы раз безвынікова штурмавала беларуска-польскую мяжу.

На заходзе Польшчы, у цэнтры для мігрантаў, што ў мястэчку Вэнджын, адбыўся бунт. Мігранты патрабавалі паляпшэння ўмоваў утрымання або пераводу ў Нямеччыну ці Ірак. У вайсковых казармах пад вартай утрымліваюцца каля шасцісот мужчынаў, якія чакаюць рашэння пра наданне статусу ўцекача ці ўжо атрымалі адмову.

«Учора агрэсія павялічылася, гэтыя асобы выкарысталі мэблю, тое, што было ў пакоях, бо ў іх няма небяспечных прыладаў, і пачалі нішчыць памяшканні. Між іншага, выбілі шыбы. Мы пачалі перамовы, выклікалі на дапамогу паліцыю, пажарную службу. Пасля гэтага мужчыны пераканаліся, што трэба супакоіцца і далей чакаць адміністрацыйных рашэнняў», – распавяла прэс-сакратар памежнай аховы Польшчы Анна Міхальска.

Яшчэ каля шасцісот асобаў сёння ўначы вярнуліся ў Ірак з Беларусі на двух рэйсах «Іракскіх авіялініяў». Чарговыя два гуманітарныя рэйсы, на якіх змогуць вылецець да васьмісот чалавек, менскі аэрапорт анансаваў на сёння і заўтра.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»