Лукашэнка не ковід-дысідэнт?


Чыноўнікі разам з міністрам аховы здароўя Дзмітрыем Піневічам вучаць Лукашэнку правільна насіць маску.

Падчас працоўнага візіту ў Лідскі гарадскі шпіталь Лукашэнка яшчэ раз нагадаў, што ніхто прымушаць беларусаў насіць маску або вакцынавацца не будзе.

«Хвароба любая – тут, у галаве. Калі толькі ты пачаў хвалявацца наконт гэтай хваробы, памнажай на 10. Цячэнне хваробы залежыць канкрэтна ад чалавека: чалавек чалавеку – розніца», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Менавіта пасля Лукашэнкавай крытыкі, цытата, «наморднікаў», Міністэрства аховы здароўя 22-га кастрычніка адмяніла абавязковы масачны рэжым. І ўжо ўчора ды сёння па ўсёй Беларусі ў грамадскім транспарце і ва ўстановах знікаюць напаміны пра абавязковае нашэнне масак. Нават на ўваходзе ў некаторыя ўстановы аховы здароўя больш няма гэткіх абвестак…

Працягваюць беларусы насіць маскі ў грамадскіх месцах ці не, мы запыталі нашых гледачоў:

– Ехаў у двух аўтобусах: 80 % у масках. Прычым не пад носам, а нармальна. Уключаючы моладзь.

– У метро амаль усе ў масках.

– У Магілёве ў грамадскім транспарце аб’явы пра маскі не знятыя, налепкі таксама вісяць, маскі носяць не ўсе, але большасць.

– У Менску Менгарвыканкам адмяніў усе свае рашэнні аб абмежавальных захадах, у Магілёве, напэўна, яшчэ не паспелі.

Паводле тэлеграм-каналу «Мотолько, помоги», распараджэнні здымаць абвесткі пра абавязковы масачны рэжым арганізацыі атрымліваюць зверху. На сайце petition.by 25-га кастрычніка апублікавалі зварот супраць выдалення гэткіх абвестак, у якім гучала наступнае меркаванне: «Такія дзеянні мясцовых выканаўчых і ўпраўных органаў, а таксама арганізацыяў грамадскага транспарту супярэчаць здароваму сэнсу ды маюць усе прыкметы службовай нядбайнасці».

Паводле Лукашэнкі, пры першай хвалі каронавіруса было больш захворванняў, чым цяпер, але нават афіцыйныя лічбы сведчаць пра адваротнае: за апошні дзень – 1995 новых пацыентаў, 16 чалавек памерлі.

Таксама Лукашэнка заявіў, што Беларусі не патрэбныя заходнія вакцыны. Іншае меркаванне ў лідараў дэмакратычных сілаў:

«Сёння ад імя ўсіх дэмакратычных сілаў мы накіравалі ліст кіраўніцтву ЕЗ, краінам – сябрам Еўразвязу і кіраўніцтву COVAX. Мы заклікаем аказаць дапамогу Беларусі ў памеры як мінімум 1 мільёна вакцынаў», – кажа ў сумесным відэа кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Пакуль улады адмяняюць абавязковае нашэнне масак у грамадскіх месцах, беларусы распаўсюджваюць відэа, як на могілках у Светлагорску бесперапынна рыюць яміны для пахаванняў. Або як катафалкі збіраюцца ў чаргу ля патолагаанатамічнага бюро ў Менску. Сітуацыю ўскладняе і адток кадраў з медыцыны – дыскусію на гэтую тэму правялі сёння на «Youtube»-канале «Белыя халаты».

«Найвышэйшае кіраўніцтва – у мяне зʼявілася такое адчуванне – працуе быццам супраць цябе. То бок намагаецца нейкімі нормамі, загадамі пазбавіць пэўных прэміяў або за нешта цябе пакараць, нейкія праверкі», – узгадвае негатыўны досвед працы ў беларускіх медустановах кардыяхірург Сяргей Яленскі, які цяпер жыве і працуе ў Нямеччыне.

Акрамя неабароненага становішча на працы ды адсутнасць павагі, беларускія дактары зʼязджаюць у іншыя краіны праз нізкія заробкі і дрэнны імідж беларускай навукі. А яшчэ – праз палітычнае становішча.

«Ёсць чорны спіс, паводле якога медыкаў звальняюць. Ужо каля 100 лекараў сышлі з працы ў сувязі з тым, што ім настойліва рэкамендавалі або загадалі гэта зрабіць, запужалі ці яшчэ нешта. Праз іхны ўдзел у масавых акцыях або праз выказванне свайго меркавання», – сведчыць гінеколаг Анастасія, якая пераехала жыць і працаваць у Польшчу.

З пачатку пандэміі каронавіруса дэфіцыт медыкаў у Беларусі вырас з трох да 10-ці тысячаў чалавек.

Ірына Карніенка, «Белсат»