Год таму пачынаўся абвешчаны Святланай Ціханоўскай страйк


Заклік зладзіць страйк 1-га лістапада адныя ўспрынялі з энтузіязмам, іншыя – з крытыкаю. Калі ня будзе салідарнасці, то ня будзе і выніку. Прыклад – падзеі гадавой даўніны, калі Святлана Ціханоўская абвесціла на 26-га кастрычніка агульнанацыянальны страйк.

Што будзе сёлета і якія маем наступствы таго, што летась страйк не адбыўся?

У Літве Алег Майсееў чакае атрымання статусу ўцекача. Бо летась на радзіме паверыў у перамены, браў удзел у кампаніі Ціханоўскай.

«Праглядаючы, адсочваючы і ўзгадваючы, як усё было… канешне, думаю, то дарма я бегаў з кветачкамі. Бо дыктатара прыбраць кветкамі проста нерэальна», – уздыхнуў палітэмігрант.

Мацнейшым за кветкі меўся быць ціск на рэжым праз нацыянальную забастоўку. Летась 26-га кастрычніка Алег заклікаў калегаў і сяброў – далучацца.

«Сябры, памятайце, што Бог не дасць нам больш выпрабаванняў, чым мы зможам вытрымаць. Мы павінныя паказаць гэтаму рэжыму, хто на сённяшні дзень гаспадар у краіне. Далучайцеся да забастоўкі! Разам мы пераможам!», – запісаў тады на відэа.

Атрады АМАПу збівалі рабочых, якія збіраліся каля прахадных заводаў, прымусова заганялі ў цэхі. У маршы ўдзельнічалі пераважна работнікі гандлёвай галіны, пенсіянеры і студэнты. У той дзень сілавікі затрымалі каля шасцісот асобаў. Страйкоўцаў і ўдзельнікаў стачкі пачалі звальняць. Сяргей Зікрацкі, юрыст офісу Святланы Ціханоўскай, каментуе:

«Канешне звальненні былі незаконнымі, нават калі працэдура страйку не была правільна аформленая. Прыцягненне да адказнасці прадпрымальнікаў, якія закрывалі ўласныя бізнесы, таксама было незаконнае».

Ціснулі на бізнесоўца і чальца Каардынацыйнай рады менавіта за далучэнне да стачкі.

«Прыехалі, чамусьці апісалі маёмасць у кватэры… А забралі мяне 8-га лістапада. Пяць содняў прасядзеў у карцары, пяць содняў на Валадарцы. Потым мяне выпусцілі пад падпіску. Потым затрымлівалі на 20 содняў за маршы», – распавёў ён.

Звальнялі – каго за прагул, каго – паводле не звязаных з працаю прычынаў. Адваката Сяргея Зікрацкага, які бараніў сярод іншых зняволеных журналістак «Белсату», пазбавілі ліцэнзіі. Як большасць бізнесоўцаў, палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, ён эміграваў.

«Незаконна звольненыя і пацярпелыя ад падобнага роду рэпрэсіяў, хто страціў бізнес – маюць быць рэабілітаваныя і атрымаць кампенсацыі», – нагадаў адвакат пра адпаведны акт, прыняты Офісам Ціханоўскай.

Страйкаваць зноў беларусаў заклікала каманда «Беларускае аб’яднанне рабочых» праз свой канал у «Тэлеграме». Распрацавалі ўлёткі на любы густ, заахвоцілі верыць у перамогу.

«Мы гатовыя змяніць нашую краіну, мы гатовыя сказаць «хопіць над намі здзекавацца», мы гатовыя ўбіць апошні цвік у вечка труны рэжыму! Беларускае абʼяднанне працоўных абвяшчае пачатак агульнанацыянальнай забастоўкі з 1 лістапада 2021 года! Мы спынім вытворчасці па ўсёй краіне, пакуль кожнае з дзесяці патрабаванняў не будзе выканана!» – урывак з тэксту закліку.

Да абвесткі пра страйк актывісты далучылі петыцыю з дзесяццю патрабаваннямі, пад якімі падпісаліся выбітныя беларусы. Але закліку страйкаваць пакуль не падтрымалі і іншыя арганізацыі дэмакратычнага руху.

Юлія Цяльпук, «Белсат»