Еўропа ратуецца ад «Газпрому»


Еўракамісія гатова дапамагчы Малдове пераадолець энергетычны крызіс. Краіна ўпершыню купіла газ не ў Расеі, а ў Польшчы. Аб’ёмы ўгоды невялікія, але палітычныя наступствы могуць аказацца адчувальнымі.

У Малдове – энергетычны крызіс. Праз высокія кошты на газ краіна не падпісала доўгатэрміновай дамовы з «Газпромам». Праз дэфіцыт паліва малдаўскі ўрад увёў надзвычайнае становішча, а ўчора ўпершыню дамовіўся пра пастаўкі мільёна кубаметраў газу з Польшчы.

«Гістарычная залежнасць Малдовы будзе слабець. З гэтым звязаны прэсінг Расеі, якая імкнецца змусіць Малдову падпісаць новую дамову як мага хутчэй. Каб звязаць Малдову вузлом залежнасці на найбліжэйшыя 20–30 гадоў. Менавіта столькі трываюць доўгатэрміновыя кантракты», – падкрэсліў эксперт польскага Інстытуту міжнародных стасункаў Мацей Заневіч.

У выходныя «Газпром» значна скараціў пастаўкі газу ў Еўропу праз тэрыторыю Беларусі па адной з галоўных нітак газаправоду Ямал – Еўропа. Раней Уладзімір Пуцін заявіў, што Расея гатовая нарасціць пастаўкі, але праз газаправод «Паўночная плынь – 2». Такім чынам расейскі манапаліст змушае Еўразвяз сертыфікаваць і ўвесці ў эксплуатацыю новую нітку газаправоду, мяркуе дырэктар энергетычных праграмаў Цэнтру Разумкова Уладзімір Амельчанка:

«Гэтая сітуацыя паслужыць добрым урокам шмат якім палітыкам і еўрапейскім кампаніям, якія супрацоўнічаюць з «Газпромам». У складанай сітуацыі на «Газпром» не толькі нельга разлічваць – ён гатовы будзе выкарыстоўваць складаную сітуацыю».

Еўразвязу трэба зламаць залежнасць ад імпарту газу, якая за апошнія гады толькі нарастала, заявіла еўракамісарка ў справе энергетыкі на пазачарговай радзе міністраў энергетыкі краінаў Еўразвязу. Рада сабралася, каб выпрацаваць супольныя захады для стабілізацыі коштаў на паліва.

«Краінам ці дзяржаўным кампаніям прапануюць супольна купляць газ і рэзерваваць сховішчы. Гэта не заменіць набыцця газу прыватнымі кампаніямі. Чакаюць, што супольныя запасы будуць стварацца ў перыяды ніжэйшых коштаў, каб падстрахавацца на выпадак дэфіцыту», – адзначыла еўракамісарка ў справе энергетыкі Кадры Сімсан.

Скарачэнне транзіту газу праз тэрыторыю Беларусі адабʼецца на напаўненні бюджэту. Аднак беларускі ўрад пра гэта не кажа. Раней Уладзімір Пуцін паабяцаў захаваць для Беларусі цэны на паліва пры ўмове стварэння адзінага рынку газу да снежня 2023-га года.

«Па сутнасці, гэта прымушэнне да інтэграцыі ў газавай галіне. Гэта прывядзе да таго, што газ будзе каштаваць 200 долараў. Гэта запрашэнне паглынання эканамічнай сістэмы Беларусі расейскай дзяржавай, расейскім бізнесам», – упэўнены эканаміст Яраслаў Раманчук.

Сёння Беларусь набывае расейскі газ па 128 долараў за тысячу кубаметраў, пры сусветных цэнах больш за тысячу долараў.

Ігар Станкевіч, «Белсат»