Ультраправыя перамагаюць на выбарах у Італіі


Упершыню з часу Бэніта Мусаліні ультраправыя сілы зноў прыходзяць да ўлады ў Італіі. На парламенцкіх выбарах правацэнтрысцкая кааліцыя, што складаецца з партыяў «Браты Італіі», «Ліга» і «Наперад, Італія» набрала амаль 44 %. Лідарка партыі «Браты Італіі» ды хутчэй за ўсё будучая прэм‘ер-міністарка краіны Джорджа Мэлёні паабяцала, што аб‘яднае ўсіх італьянцаў:

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэты час адказнасці. Гэта час, калі, калі мы хочам увайсці ў гісторыю. Мы разумеем нашую адказнасць перад дзясяткамі мільёнаў, таму што Італія абрала нас, і мы не здрадзім ёй, як і ніколі раней».

Кампанію Джорджа ва ўрадзе складуць былы міністр унутраных справаў Матэа Сальвіні ды былы прэм‘ер-міністр Сільвіё Берлусконі. На другім месцы пасля правай кааліцыі засталіся левацэнтрысты, у склад якіх уваходзіць і дэмакратычная партыя. Іх кааліцыя набрала крыху больш за 26 %. Аднак здавацца яны не збіраюцца. Намесніца старшыні дэмакратычнай партыі Італіі Дэбара Сэрак’яні заявіла:

«Мы другая палітычная сіла ў краіне, і таму мы лічым, што мусім стварыць моцную апазіцыю, у тым ліку таму, што на нас ляжыць вялікая адказнасць перад Еўропаю, перад краінай, якую чакаюць самыя складаныя выпрабаванні».

Адметна, што выбары прайшлі пры рэкордна нізкай яўцы – каля 64%. Аналітыкі звязваюць гэта з пэўнай расчараванасцю італьянцаў ва ўласных палітыках. Выбаршчыкі кажуць наступнае: «Мы ўжо старыя, але я турбуюся за моладзь», «Пытанне, ці ёсць у гэтым сэнс», «Будзем спадзявацца, што так», «Мяне адштурхвае неверагодная некампетэнтнасць гэтых людзей», «Гэта важны дзень. Але ўрэшце нічога не зменіцца. Тут ніколі нічога не мяняецца. Але мы будзем спрабаваць надалей».

Выглядае, што такія настроі невыпадковыя: чарговы італьянскі ўрад будзе 20-ы з ліку за апошнія 30 гадоў. То бок сярэдняя працягласць працы кааліцыйнага ўраду – паўтара года. Менавіта столькі на пасадзе прэм‘ер-міністра пратрымаўся тэхнакрат Марыё Драгі. Паводле эксперта-міжнародніка Рыгора Ніжнікава:

«Італія даўно не мела эфектыўнай і стабільнай улады – і тыя партыі, якія ішлі на гэтыя выбары, акрамя той, якая выйграла выбары, – да ўсіх іх ставіліся вельмі скептычна ставіліся выбаршчыкі».

Марыё Драгі быў паслядоўным крытыкам расейскага ўварвання ва Украіну, падтрымліваў санкцыі Еўразвязу ў дачыненні рэжымаў Расеі ды Беларусі. Чальцы ж правай кааліцыі Берлусконі і Сальвіні таксама публічна асудзілі Пуціна, аднак у недалёкім мінулым іх з расейскім прэзідэнтам звязвала сяброўства. Ці варта пасля прыходу да ўлады італьянскіх правых чакаць зменаў у замежнай палітыцы Італіі, у першую чаргу, у кірунку падтрымання Украіны? Рыгор Ніжнікаў кажа:

«Італія таксама вельмі залежыць ад падтрымкі Еўразвязу. Еўрапейскія фонды – крытычныя для ўнутранай стабільнасці краіны. Таму я думаю, што Італія хаця і будзе падымаць з часам усё больш і больш свой голас, каб зменшыць уплыў санкцый на Расею, яна ўсё ж такі будзе прытрымлівацца агульнаеўрапейскага курсу».

Сама ж імаверная прэм‘ер-міністарка Мэлёні ў перадвыбарчых інтэрв’ю казала, што лічыць Расею і Кітай супернікамі Захаду і гатовая ўсімі сіламі супрацьстаяць ім. Да Пуціна сімпатыяў яна таксама не выказвала, заяўляла аб падтрыманні палітыкі ЕЗ і NATO ў дачыненні Расеі ды аб дапамозе Украіне.

Аднак акрамя замежнапалітычнай праблематыкі перад новым урадам ляжыць і пласт унутраных пытанняў. Правай кааліцыі дасталася краіна ў эканамічным крызісе, з вялікаю вонкаваю пазыкаю, рэкорднай інфляцыяй, беспрацоўем і пагрозай энергетычнай блакады з боку Расеі.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»