Пенсійная сістэма стартуе 1-га кастрычніка. Ці не абясцэняцца ўкладзеныя грошы?


З першага кастрычніка ў Беларусі ўводзіцца новая сістэма добраахвотнага пенсійнага страхавання. Кожны працаўнік сам будзе вырашаць, ці адкладаць на пенсію дадатковыя грошы, апроч абавязковых унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Пералічаць на добраахвотнае страхаванне можна да 10 адсоткаў ад заробку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«І роўны адсотак, але не больш за тры адсоткі, накіроўвае ягоны працадаўца. Такім чынам фармуецца пул для фінансавых сродкаў для назапашвання. Пры гэтым выдаткаваныя сродкі працадаўцы кампенсуе бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва», – тлумачыць першая намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка.

Пенсійная рэформа ў краіне наспела даўно, тлумачаць адмыслоўцы. Працоўных у Беларусі робіцца ўсё менш не толькі праз дэмаграфічны крызіс, але і праз масавую рэлакацыю ды міграцыю ў сувязі з палітычнымі падзеямі ў краіне. Ад цяперашняй салідарнай сістэмы, калі сённяшнія адлічэнні ідуць на пенсіі сённяшнім пенсіянерам, трэба пераходзіць да назапашвальнай, каб кожны сам збіраў сабе на будучую пенсію. Але гэты пераход у сённяшніх умовах абвалу эканомікі вядзе да дадатковых праблемаў.

«У гэтым выпадку на гэтае накапленне будзем змушаныя адцягваць пэўную частку грошай, і не можам гэтыя грошы выкарыстоўваць на цяперашніх пенсіянераў. І гэта яшчэ больш павялічвае нагрузку на бюджэт, на Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва», – кажа старэйшая навуковая супрацоўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC.

Менавіта таму, на думку Ананстасіі Лузгіной, новую сістэму і робяць дабравольнай, а не абавязковай. Ахвотных такім спосабам павялічыць будучую пенсію знойдзецца няшмат, мяркуе прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч.

«Гэта ўкладанне на вельмі працяглы перыяд з даверам да беларускай валюты. Гэтага даверу няма, і сёння скепсіс эканамістаў, што разважаюць на гэтую тэму, будуецца не на нейкіх рашэннях ці дакументах, а на агульным недаверы да беларускай дзяржавы. Беларуская дзяржава не робіць нічога, каб гэты давер аднавіўся, і эфектам ад такога рашэння будзе малая колькасць дамоваў», – перакананы Аляксандр Кныровіч.

Дзяржаўная кампанія «Стравіта», якая будзе займацца добраахвотным страхаваннем, абяцае размяшчаць сродкі ў фінансавыя інструменты: каштоўныя паперы, аблігацыі ды ўклады ў дзяржаўных банках.

«Для гарантавання выплатаў, для гарантавання выканання сваіх абавязкаў будуць фармавацца рэзервы, будзе фармавацца гарантыйны фонд. Таму ў сувязі з Указам 530 пра страхавую дзейнасць выплаты паводле дамоваў страхавання, заключаных з дзяржаўнай страхавой арганізацыяй, гарантуюцца дзяржавай», – падкрэслівае генеральны дырэктар кампаніі «Стравіта» Сяргей Андрыевіч.

Даходнасць укладзеных сродкаў абяцаюць на ўзроўні стаўкі рэфінансавання, сёння гэта дванаццаць адсоткаў.

«Стаўка рэфінансавання ў нас цяпер ніжэйшая за інфляцыю. Адпаведна, трэба разумець, што калі стаўка рэфінансавання меншая за інфляцыю, то рэальна гэтыя грошы будуць змяншацца. То бок вы будзеце губляць свае даходы», – тлумачыць Анастасія Лузгіна.

Адмыслоўцы раяць: каб забяспечыць захаванне ўкладзеных сродкаў, трэба або захоўваць грошы на валютных рахунках у банку, або набываць нерухомасць.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»