«Ніхто не будзе ваяваць, зараз усе паедзем дадому»


«Ніхто не будзе ваяваць, зараз усе паедзем дадому». Словы, пасля якіх прагучаў стрэл сённяшняй раніцай у ваенкамаце Усць-Ілімску Іркуцкай вобласці Расеі. Мужчына скіраваў абрэз на вайсковага камісара Аляксандра Елісеева: на час рыхтавання гэтага сюжэту апошні быў у рэанімацыі ў цяжкім стане. Страляў жыхар Усць-Ілімску, 25-гадовы беспрацоўны Руслан Зінін, яго затрымалі. Позву на вайну Зінін не атрымліваў. У ваенкамат ён пайшоў з уласнага жадання. Але відавочна, зусім не для таго, каб папрасіцца на фронт.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Палітолаг Уладзімір Фясенка патлумачыў, што большасць апалітычных расейцаў ваяваць зусім не жадаюць. Яны лічаць, што ваяваць павінны кантрактнікі і добраахвотнікі. Хто падтрымлівае гэтую вайну – вось тыя і павінны ваяваць!

Абвяшчэнне так званай частковай мабілізацыі фактычна ёсць парушэннем своеасаблівай нефармальнай сацыяльнай дамовы паміж Крамлём і апалітычнымі расейцамі – адзначыў Уладзімір Фясенка:

«Яны гатовыя быць лаяльнымі, пакуль вайна ідзе ў тэлевізары. А тут іх адпраўляюць як гарматнае мяса на забой. А гэта ўжо б’е па іхных асабістых інтарэсах».

Масавыя закалоты супраць «магілізацыі», як празвалі прызыў у народзе, выбухнулі ў розных расейскіх гарадах і рэгіёнах. У нядзелю, 25 верасня, у Дагестане пратэстоўцы перакрылі федэральную трасу. 100 асобаў былі затрыманыя падчас акцыі ў сталіцы рэспублікі – Махачкале.

Пратэсты ў Дагестане.
Фота: askrasul / Telegram

У Якуціі жанчыны атачылі міліцыянтаў карагодам і скандавалі антываенныя лозунгі. Там таксама адбыліся затрыманні.

У Разані на аўтавакзале мужчына падпаліў сябе і крычаў, што ваяваць ён не будзе. Небараку шпіталізавалі з апёкамі, але, кажуць, пацярпеў ён не вельмі моцна.

Жыхар Урупінску Валгаградскай вобласці прыехаў уначы з 25 на 26 верасня да ваенкамату і кінуў у будынак кактэйль Молатава. Падпальшчыка затрымалі.

Гарэць ваенкаматы пачалі яшчэ ўвесну, амаль адразу ж пасля расейскага ўварвання ва Украіну.

Пасля 21-га верасня пакацілася другая хваля інцыдэнтаў. Усяго за чатыры дні пасля абʼяўлення мабілізацыі паведамленні аб пажарах у ваенных камісарыятах прыходзілі з Краснаярскага і Хабараўскага краёў, Калінінградскай, Валгаградскай, Арэнбургскай, Амурскай ды Ленінградскай вобласцяў, з Башкартастану, Мардовіі.

Страшэнныя чэргі з уцекачоў ад прызыву ўтварыліся на выездзе з Расеі ў Фінляндыю, Грузію, Казахстан, Манголію. Лавіна расейскіх так званых турыстаў абрынулася і на Беларусь. Відавочцы кажуць, што некаторыя псеўдапацыфісты нават не паспяваюць зняць Зэт-сімволіку са сваіх аўтаў. Праз гэта ўжо былі прыкрыя інцыдэнты.

«Расейскім мігрантам цяпер не рады ні ў воднай краіне, нават куды яны яшчэ могуць зʼехаць, – канстатаваў рэдактар «Беларусского Ежегодника» Вадзім Мажэйка. – Вельмі незайздросная ў іх роля. Па шчырасці, не пазайздросціш ім».

Пытанне, якое хвалюе многіх беларусаў: ці наважыцца Лукашэнка на мабілізацыю ў нашай краіне? На думку Вадзіма Мажэйкі, гэта малаверагодна.

«У Беларусі падставаў для мабілізацыі няма. Прынамсі, хаця б таму, што беларуская армія ў вайне не ўдзельнічае, не нясе стратаў. І таму не трэба нікога мабілізаваць. Хутчэй наадварот: мабілізацыя – гэта яскравая дэманстрацыя таго, наколькі слабая расейская армія, наколькі слаба Расея гатовая дзейнічаць. І, зрэшты, нашто Беларусі зараз гэта падтрымліваць?»

Да тых грамадзянаў Расеі, якім няма куды бегчы або хто падтрымлівае ваенныя злачынствы пуцінскага рэжыму, чарговы раз звярнуўся ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Паводле яго, крывавую бойню развязаў і цягне толькі «адзін чалавек»:

«Ён жа не пасылае на вайну сваіх дзяцей. Змагайцеся за тое, каб не адправілі на смерць вашых дзяцей. Усіх, каго могуць забраць пад гэтую злачынную расейскую мабілізацыю!»

Расейскі апазіцыйны рух «Мяккая сіла» запусціў інтэрнэт-петыцыю супраць мабілізацыі. За некалькі гадзінаў пасля адпаведнага звароту Пуціна яна набрала больш за 200 тысяч подпісаў.

Марына Яновіч, «Белсат»