Амерыканскі дыпламат: «Палітычныя вязні мусяць быць вызваленыя»


ЗША не гандлюецца з рэжымам Лукашэнкі, і не здымае санкцыі ў абмен на вызваленне некалькіх палітвязняў. Усе беларускія палітвязні мусяць выйсці на свабоду, і мусяць прайсці новыя – свабодныя – выбары. Прынцыповую пазіцыю Вашынгтону «Белсату» пераказаў пастаянны амерыканскі прадстаўнік у АБСЕ. Майкл Карпэнтэр адзначыў, што пакуль няма нават падмурку для сапраўднага дыялогу з рэжымам Лукашэнкі – няма. Пакуль што самаабвешчаны дыктатар перамаўляецца толькі з Уладзімірам Пуціным.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Злучаныя Штаты Амерыкі афіцыйна вітаюць вызваленне Алега Груздзіловіча. Беларускі журналіст «Радыё Свабода», фінансаванага амерыканскім урадам, правёў за кратамі 9 месяцаў за нібыта «арганізацыю масавых беспарадкаў». Алег Груздзіловіч выйшаў на волю паводле ўказу Лукашэнкі аб памілаванні, і цяпер разам з жонкай знаходзіцца ў Літве.

«Злучаныя Штаты вітаюць вызваленне некалькіх палітвязняў у Беларусі, у тым ліку Алега Груздзіловіча, журналіста радыё “Свабода”. Але, хоць гэта крок у правільным кірунку, у Беларусі зашмат палітвязняў застаецца за кратамі. Мы заклікаем да тэрміновага і безумоўнага вызвалення ўсіх вязняў сумлення», – заявіў прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША Нэд Прайс.

На сёння ў Беларусі праваабаронцы прызналі палітвязнямі 1342 асобы. Сярод іх журналісты «Радыё Свабоды» Ігар Лосік і Андрэй Кузнечык, «белсатаўцы» Кацярына Андрэева, Уладзімір Мацкевіч і іншыя. Агулам колькасць крымінальных справаў і выракаў, звязаных з пратэстамі супраць фальсіфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту, мераецца тысячамі, і не заўжды ёсць інфармацыя ад сваякоў.

Калі яны выйдуць на волю? Павел Латушка ў эфіры «Белсату» заявіў, што рэжым Лукашэнкі прапаноўвае Захаду адначасовае вызваленне групы палітвязняў у абмен на зняцце санкцыяў. Але гэта не будуць лідары дэмакратычнага руху Беларусі.

«Гаворка пра некалькі сотняў асобаў, але гэтае пытанне ён ставіць на гандаль з Еўразвяза. Але таксама і Пуціну некарысна, каб Лукашэнка пачаў нармалізацыю», – распавёў Павел Латушка.

Былы міністр культуры і амбасадар у Францыі, Латушка спасылаецца на крыніцы ў Міністэрстве замежных справаў і сцвярджае, што адбываліся перамовы між Вашынгтонам і ведамствам Уладзіміра Макея, каб вызваліць Алега Груздзіловіча.

Алег Груздзіловіч пасля вызвалення.
Фота: Радыё Свабода

Амерыканскі дыпламат аспрэчвае гэтую заяву: гандлю палітвязнямі не ідзе.

«Гэта не сітуацыя гандлю, гэта прынцыповая пазіцыя ЗША: палітычныя вязні мусяць быць вызваленыя. Мы прыхільнікі таго, каб утрымліваць сувязі з беларускім народам, мы лічым гэта вельмі важным, запэўніць беларусаў, што Захад і ЗША інвестуюць у іхную будучыню. Гэтак і ёсць. І мы працягнем так рабіць», – патлумачыў «Белсату» сталы прадстаўнік ЗША ў АБСЕ.

Як патлумачыў Майкл Карпэнтэр «Белсату», цяпер няма нават падмурку для дыялогу між краінамі Захаду і Аляксандрам Лукашэнкам, які не толькі праводзіць жорсткія рэпрэсіі, але і саўдзельнічае ў вайне Расеі супраць Украіны.

Раней Уладзімір Макей, які ва ўрадзе Лукашэнкі адказвае за замежныя справы, пахваліўся кулуарнымі перамовамі з еўрапейцамі і амерыканцамі на палях Генеральнай Асамблеі ААН, якія нібыта папрасілі яго нікому не казаць пра сустрэчы. Макей цалкам паўтарыў рыторыку расейскіх уладаў з трыбуны ААН – у справе Украіны, якая нібы сама вінаватая ў вайне.

«Заходнія патроны проста выкарысталі яе ў сваёй вялікай гульні супраць Расеі. Сёння Украіна плаціць крывёй за тое, што яе паліціканы купіліся на гэты падман і забылі пра гістарычнае братэрства трох усходнеславянскіх народаў: беларусаў, рускіх і ўкраінцаў», – вяшчаў Макей з трыбуны ААН.

Як распавёў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы, за кулісамі Макей прасіў дзяржавы Захаду перагарнуць старонку і дараваць рэпрэсіі, зняць санкцыі з калійнай галіны, абяцаў павольнае вызваленне палітвязняў і пасярэдніцкія паслугі між Украінай і Расеяй.

Аляксандр Лукашэнка – дэ-факта адзіны ваенны саюзнік Масквы, сёння наведаў Уладзіміра Пуціна ў Сочы, дзе выказаў поўную падтрымку.

«У Расеі 25 млн мабілізацыйны рэсурс. Хай уцяклі 30-50 тысячаў. А калі б яны засталіся, яны былі б нашымі людзьмі? Хай бягуць», – пракаментаваў масавае дэзерцірства расейцаў Лукашэнка.

На перамовах у Сочы гаворка магла ісці і пра значнае павелічэнне колькасці расейскіх войскаў у Беларусі, паведаміў Павел Латушка.

«Што за гэтым? Права Украіны наносіць прэвентыўны ўдары па расейскіх войсках на тэрыторыі Беларусі. Гэта размяшчэнне ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі. Гэта страта суб’ектнасці – поўная для Лукашэнкі, і страта міжнароднай субʼектнасці для Беларусі. Гэта ўцягванне Беларусі ў вайну», – папярэджвае Павел Латушка.

Таксама ў бліжэйшы час Уладзімір Пуцін праз відэасувязь сустрэнецца з кіраўнікамі спецслужбаў краінаў СНД, у тым ліку Беларусі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»