Беларусам хочуць ускладніць атрыманне «шэнгену»


Чэхія прапануе прыпыніць дзеянне пагаднення, якое спрашчае візавы рэжым грамадзянам Беларусі і Расеі. Гэтае пытанне хочуць вынесці на разгляд Рады Еўразвязу, што адбудзецца ў Празе 31 жніўня. Раней візавыя абмежаванні ў дачыненні беларусаў і расейцаў сталі ўводзіць краіны Балтыі, не чакаючы пастановы Еўразвязу. Чым тлумачыцца такая палітыка? І што чакае беларусаў, калі спрошчаны візавы рэжым адменяць?

Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму для беларусаў набыло сілу 1 ліпеня 2020 года. У сваю чаргу афіцыйны Менск абавязваўся прымаць назад нелегальных мігрантаў, што трапілі ў Еўразвяз праз Беларусь. Пасля ўвядзення еўрапейскіх санкцыяў рэжым Лукашэнкі сваю частку пагаднення выконваць адмовіўся. І ўчыніў міграцыйны крызіс на мяжы з Польшчай і Літвой.

Тады Еўразвяз не скасаваў спрошчанага візавага рэжыму. Цяпер гэта прапаноўвае зрабіць Чэхія, якая плануе вынесці пытанне на паседжанне Рады Еўразвязу. Раней у ЕЗ гучалі заклікі да візавых забаронаў. З такою пастаноўкаю пытання згодныя не ўсе еўрапейскія лідары. Напрыклад, канцлер Нямеччыны выступіў супраць візавых забаронаў.

«У пытанні візаў, якое цяпер публічна абмяркоўваецца, вы заўсёды можаце разглядзець дэталі. Я таксама магу зразумець суседнія краіны. Але гэта вайна Пуціна, а не расейскага народу. Мы не павінныя абагульняць», – заявіў Оляф Шольц.

Еўрапейскія лідары агучваюць меркаванне сваіх выбарнікаў, якое можа адрознівацца ў залежнасці ад краіны, мяркуе палітолаг Лізавета Дубінка-Гушча. Магчымыя візавыя абмежаванні, на ейную думку, маюць два аспекты.

«Першы аспект – каштоўнасны, праява салідарнасці з Украінай. І другі аспект – гэта пытанне бяспекі. Пад пытаннем бяспекі маецца на ўвазе патэнцыйнае пранікненне агентаў ці асобаў, якіх не хацелі бы бачыць у Еўрапейскім Звязе», – кажа Лізавета Дубінка-Гушча.

Ускладненне выдавання візаў закранула б шмат каго з беларусаў. Яшчэ ў даковідным, 2019-ым годзе ад нашых суайчыннікаў паступілі амаль 650 тысячаў заявак на атрыманне «шэнгену». Але калі Еўразвяз увядзе візавыя абмежаванні, для беларусаў мала што зменіцца, мяркуе Франак Вячорка, старэйшы дарадца Офісу Святланы Ціханоўскай.

«Беларусь мела частковы спрошчаны парадак. Візы нібыта хутчэй выдаваліся і патрабавалася менш дакументаў для падачы. Але ўсё роўна з-за ковіду і з-за вайны атрымаць візу было складана. Таму нават калі будзе скасаваны спрошчаны парадак, я не ўпэўнены, што гэта адаб’ецца на атрыманні візаў», – мяркуе Франак Вячорка.

Меркаванні бяспекі, якімі кіруюцца краіны Еўразвязу, цалкам абгрунтаваныя. Але ў беларусаў мае заставацца магчымасць атрымліваць «шэнген», мяркуе Вячорка. Гэта важная ўмова будучых пераменаў.

«Адкрытасць Еўропы, магчымасць атрымліваць візы, падарожнічаць інтэгруе беларусаў у еўрапейскую прастору. Візіты ў Еўропу, магчымасць камунікаваць з еўрапейцамі паказвае беларусам, як нашая краіна можа выглядаць», – кажа Франак Вячорка.

Уезд у Еўропу павінен быць закрыты паслугачам рэжыму. І даступны беларусам, якія падтрымліваюць перамены. Такую пазіцыю Офіс Святланы Ціханоўскай агучыў на нядаўняй сустрэчы з прадстаўнікамі літоўскага МЗС, якія возьмуць удзел у паседжанні Рады Еўразвязу. Ці агучаць на ім гэты пункт гледжання, даведаемся 31-га жніўня.

Валянцін Васіленка, «Белсат»