Дэфіцыт зерня. Урад заклапочаны слабым ураджаем


Урад Рамана Галоўчанкі забараніў вывозіць з Беларусі зерневыя культуры – нават у дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюзу. Чыноўнікі спасылаюцца на кепскае надвор’е, якое сапсавала ўраджай. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці – і ці застанемся мы без хлеба?

Добрая навіна – бульба ўрадзіла. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчоў паведамляюць, што ўраджай будзе на 11% большы, чым летась, – прынамсі, у дзяржаўным плане.

Кепская навіна – зерня не хапае, таму ўрад Рамана Галоўчанкі адмысловай пастановай на паўгода забараніў прадаваць яго за мяжу, нават у Расею і Казахстан. Забаронены экспарт пшаніцы, жыта, аўса, грэчкі – усіх зерневых, і нават насенне рапсу – алейнай культуры.

«Такая забарона была ўвесну і цяпер. Мы забараняем вываз зерня на экспарт, каб насыціць унутраны рынак. Калі пабачым, што ўсё пазітыўна складваецца, тады прыадкрыем гэтую заслону і скарэктуем», – патлумачыў віцэ-прэм’ер Аляксандр Субоцін.

Жніво ў Беларусі амаль скончылася, і вынікі слабыя – намалацілі 6,2 млн т. Сярэдняя ўраджайнасць сёлета – 30 ц/га, вельмі нізкая, менш, чым у 2020-м годзе. Мінсельгас тлумачыць, што была зацяжная халодная вясна, спякотнае лета і мала ападкаў.

А на поўначы, у Літве, збожжа ўрадзіла. Порт у Клайпедзе цяпер загружае найбуйнейшыя ў свеце караблі класу Panamax зернем на продаж у Саудаўскую Аравію і Алжыр. Кошты на сусветным рынку высокія, таму літоўскія фермеры заробяць шмат валюты.

«Літва ў тры разы меншая за Беларусь – і па насельніцтве, і па плошчы, і па плошчах пасеваў. І мы стараемся каля 10 мільёнаў тон, а Літва ўжо 5 мільёнаў перайшла рубеж», – кажа Мікалай Лысянкоў, эксперт у сельскай гаспадарцы з партыі «Грамада».

Зерневыя ўрадзілі і ва Украіне, якая за апошнія гады заваявала сусветны рынак пшаніцы. А ў Беларусі неўраджай збожжа адбіваецца на ўсім ланцугу вытворчасці, і на сабекошце мяса, малака і яек. Бо зерне гэта яшчэ і фураж – корм для жывёлы.

«У нас зерня не хапае катастрафічна. Яго не хапала летась, не хапае сёлета. Людзі, якія жывуць на сяле, і якія не вырошчваюць зерне, але маюць быдла, маюць праблему – дзе ўзяць зерня? Купіць зерня можна толькі ў фермераў. А ў дзяржаўным гандлі зерне насельніцтву не прапаноўваецца», – распавядае кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі.

Планавая гаспадарка гэта і разараныя неўрадлівыя землі, і пастаянныя прыпіскі, каб выканаць загад. Штогадовая мэта бітвы за ўраджай – 10 мільёнаў тонаў зерневых, так і застаецца недасягальнай, тлумачыць Мікалай Лысянкоў, экс-дырэктар агракаледжу і былы старшыня калгасу:

«Сюды ўключаюць ужо ўсё, ну ладна зернебабовыя – кукурузу ўключаюць, нават насенне рапсу ўключаюць. Рапс гэта ўвогуле не зерневая культура. Гэта тэхнічная культура. І калі сказалі, што рапс трэба лічыць, як зерневую культуру, старшыні калгасаў жартавалі, што хутка, каб дацягнуць да 10 млн тон, буракі будзем лічыць, як зерне».

Забарону на вываз зерневых рэгулярна ўводзілі і раней, тлумачыць эксперт. А вытворцаў абавязваюць прадаваць ураджай унутры Беларусі за нізкі кошт. Не прадаваць – забаронена. А значыць, часам гаспадарка працуе сабе на шкоду.

«Унутры краіны яны не могуць прадаць за той кошт, за які хацелі б прадаць. У нас цэны фіксаваныя на ўсё, камандная эканоміка… Вытворца не можа вырасціць таго, што хоча, а толькі тое, што загадалі, і не можа прадаць па тым кошце, каб выйсці на рэнтабельнасць», – кажа Мікалай Лысянкоў.

Няма прыбытку – няма інвестыцыяў і развіцця.

«Калі б былі рынкавыя стасункі, калі б самім субʼектам гаспадаркі можна было самім рэалізаваць сваю прадукцыю, сістэма гаспадарання была б больш эфектыўнай», – тлумачыць механізмы рынкавай самарэгуляцыі Пётр Мігурскі.

Але будзе наадварот. На базе дзяржаўнага канцэрну «Белдзяржхарчпрам» пачалося стварэнне дзяржаўнай харчовай карпарацыі.

«Ад пачатку да канца ўвесь ланцуг засяроджаны ў адных руках, і продажы ў тым ліку. Ён мусіць быць эфектыўны і прыносіць патрэбны нам вынік – перадусім грашовы», – загадаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком «Белдзяржхарчпраму» і міністрам сельскай гаспадаркі.

«Указ прэзідэнта, практычна праект гатовы. Я яго абяцаў у Саўмін прадставіць 1 верасня. Гэта будзе зроблена. А прэзідэнт сказаў: калі эканамічна будзе мэтазгодна, то з Новага года мусіць працаваць новая карпарацыя харчовай прамысловасці», – распавёў кіраўнік канцэрну Анатоль Бубен.

А значыць, на харчовым рынку будзе менш канкурэнцыі і больш дзяржаўнага плану.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»