У бізнес-імперыі Віктара Шэймана жаночае аблічча


Шэры кардынал беларускай улады Віктар Шэйман, займаючы дзяржаўную пасаду, з дапамогай каханкі вёў двайное жыццё. Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру ў сваёй чарговай працы паказалі, як правая рука Аляксандра Лукашэнкі, «апошні з магікан» першай прэзідэнцкай кампаніі 1994 года, якому Лукашэнка давяраў амаль безагаворачна, зладзіў цэлую бізнес-імпэрыю – бізнес-імперыю з жаночым абліччам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Служба на дзяржаўнай пасадзе, паводле беларускага заканадаўства, не можа сумяшчацца з вядзеннем бізнесу. Але гэта цябе не датычыць, калі ты набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. Гэта чарговы раз паказваюць журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру. У сваёй новай працы яны выкрываюць бізнес-імперыю «шэрага кардынала» беларускай улады – Віктара Шэймана.

«Ён ачольваў Кіраўніцтва справамі прэзідэнта і падмінаў пад сябе паспяховыя прадпрыемствы, больш прыбытковыя галіны. А мы памятаем, што кіраванне справамі прэзідэнта – гэта асабісты гаманец Лукашэнкі і кантралюецца выключна Лукашэнкам. Паралельна з гэтым Шэйман развівае і сваю бізнес-імперыю», – расказвае суаўтарка расследавання Вольга Ратмірава.

Якую б пасаду ні займаў Віктар Шэйман у беларускай уладзе, ён заўсёды лічыўся адным з самых уплывовых людзей краіны. Яго нават называлі «другой фігурай пасля Лукашэнкі». Да адстаўкі з пасады кіраўніка справамі прэзідэнта ў мінулым годзе ён быў апошнім чыноўнікам, што заставаўся пры ўладзе з часу першай прэзідэнцкай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі, з 1994 года.

«Гэта адзін з тых, хто застаўся на ўвесь час з Лукашэнкам. А гэта ўжо сведчыць пра тое, што нейкіх каштоўнасцяў, нейкіх прынцыпаў у яго няма. Не сябруе ён з імі, – тлумачыць палітык Анатоль Лябедзька, асабіста знаёмы з Шэйманам. – І тое, што ён у самыя складаныя для Лукашэнкі моманты быў з ім побач, гэта, канечне, кажа пра тое, што ў значнай ступені гэта давераная асоба. Пры тым што Лукашэнка з вялікім недаверам адносіцца да ўсіх людзей, якія побач з ім».

У час першай прэзідэнцкай кампаніі Шэйман адказваў за бяспеку Лукашэнкі-кандыдата. У адным са сваіх скандальных выказванняў пра барацьбу з бандытамі ў 90-я Лукашэнка агаварыўся: «Адзін Шэйман і яшчэ пара чалавек з пісталетамі хадзілі, ездзілі, знішчаючы падонкаў».

«Відавочна, што Шэйман не інтэлектуал і не яйцагаловы, таму ён браў іншымі якасцямі – ён браў сваёй асабістай адданасцю Лукашэнку і гатовасцю выконваць любыя загады», – працягвае Анатоль Лябедзька.

Наўзамен за сваю адданасць Віктар Шэйман атрымаў усёдазволенасць. Набліжанасць да першай асобы рэжыму дапамагла яму збудаваць цэлую бізнес-імперыю. І будаваў ён яе з дапамогаю дзяўчыны з Дзяржынску Ганны Пушкаровай, якая яшчэ дваццацігадовай нейкім чынам аказалася ў кампаніі Лукашэнкі.

«Ганна Пушкарова пазнаёмілася з Аляксандрам Лукашэнкам, пачаліся іх сумесныя пералёты, і толькі праз два гады пачаліся яе пералёты з Шэйманам. Выглядае так, што менавіта Лукашэнка пазнаёміў Пушкарову з Шэйманам і пасля сумесных пералётаў з Лукашэнкам у яе пачаліся адносіны з шэрым кардыналам. Можна сказаць, што Лукашэнка мог бы сасватаць Пушкарову Шэйману», – кажа Вольга Ратмірава.

Дагэтуль пра Ганну Пушкарову ўжо было вядома як пра суўласніцу кампаніі «Глобалкастам», замяшанай у кантрабандзе санкцыённых тавараў. У новым расследаванні ўтрымліваюцца доказы сямейных сувязяў Пушкаровай з Шэйманам. Журналісты паказваюць, як з дапамогай «Глобалкастаму» дзяржаўны дзеяч дамагаўся сваіх бізнес-інтарэсаў, а таксама як уплыў дапамог Шэйману падпарадкаваць сабе цэлыя галіны дзейнасці. Напрыклад, апрацоўванне каштоўных камянёў.

Паводле Вольга Ратміравай, праз расследаванне «бачна, што ёсць канкрэтныя асобы, якія могуць паляпшаць свой дабрабыт за кошт дзяржавы, дзяржаўных прадпрыемстваў, за кошт шэрых схемаў – і гэта ім дазволена».

«Шэйман – адзін з архітэктараў гэтай сістэмы, такой ценявой, неадкрытай, зачыненай для людзей, – кажа Анатоль Лябедзька. – І, канечне, тут шмат справы для пракуратуры і для Следчага камітэту. Але яны ў нас займаюцца іншым».

Расследаванне беларускіх журналістаў будзе паказанае ў эфіры «Белсату» а 22:00, адразу пасля вечаровай «Студыі».