G7 наносіць новы ўдар Расеі


Самыя галоўныя і самыя ўплывовыя. Усе разам і за адным сталом перамоваў. У Баварыі пачаўся трохдзённы саміт «Вялікай сямёркі». Лідары сямі найбагацейшых краінаў свету абмяркоўваюць харчовы, эканамічны і энергетычны крызісы.

Галоўная ж тэма – як спыніць агрэсію Расеі супраць Украіны. Чатыры краіны сямёркі ўжо заявілі аб пашырэнні санкцый супраць Крамля. У бліжэйшы час увядуць забарону на імпарт расейскага золата. Галоўны вынік першага дня – бестэрміновае падтрыманне Украіны.

Заснежаныя вяршыні, сакавітыя альпійскія лугі. Чарговы саміт «Вялікай сямёркі» праходзіць у адным з самых маляўнічых мясцінаў – у замку Эльмаў на поўдні Нямеччыны. Высокіх гасцей сюды дастаўлялі на верталётах. Сотні паліцыянтаў, кіламетры загараджальнай сеткі. Беспрэцэдэнтныя захады бяспекі паралізавалі жыццё суседняга турыстычнага мястэчка – Гарміш-Партэнкірхэн.

«Гэта раздражняе. Вы думаеце, што гэта чатыры дні раздражнення, але так з сакавіка і будзе працягвацца да канца жніўня. Горад поўны паліцыі, атмасфера непрыемная», – кажа ўладальнік мясцовага рэстарану.

Перад пачаткам саміту – сустрэча лідараў ЗША і Нямеччыны. Цэнтральная тэма абмеркавання – крызіс ва Украіне і захаванне адзінства заходніх партнёраў у супрацьстаянні Крамлю.

«Добры сігнал, што мы змаглі захаваць адзінства, чаго Пуцін зусім не чакаў», – адзначыў канцлер Нямеччыны Оляф Шольц.

«Мы мусім заставацца разам. Пуцін з самага пачатку разлічваў, што нейкім чынам NATO і «Вялікая сямёрка» расколюцца, а мы гэтага не дапусцілі і не дапусцім цяпер. Мы не можам дазволіць гэтай агрэсіі ўзяць верх», – перакананы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Апроч лідараў «Вялікай сямёркі» – ЗША, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Францыі, Італіі, Канады і Японіі – у саміце ўдзельнічаюць прадстаўнікі Еўразвязу і пяці краінаў-партнёраў. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўдзельнічае віртуальна. Калісьці ў клуб найбагацейшых краінаў свету ўваходзіла і Расея, але пасля анексіі Крыму ў 2014 годзе Уладзіміра Пуціна перасталі запрашаць на сустрэчу.

Hавiны
Лідары G7 паабяцалі бестэрмінова падтрымліваць Украіну ў вайне з Расеяй
2022.06.26 21:26

Харчовы, энергетычны крызісы, змены клімату, інфляцыя – упершыню за амаль 50 гадоў правядзення самітаў у парадку дня G7 такая колькасць праблемных пытанняў.

«Усе краіны «Вялікай сямёркі» занепакоеныя крызісамі, з якімі мы сутыкаемся ў цяперашні час: падзеннем тэмпаў росту ў некаторых краінах, ростам інфляцыі, недахопам сыравіны і парушэннем ланцужкоў паставак. Гэта не маленькія праблемы, з якімі мы сутыкаемся. І менавіта таму мы мусім падзяліць адказнасць. Але я абсалютна ўпэўнены, што нам удасца паслаць вельмі выразны сігнал аб адзінстве і рашучых дзеяннях з гэтага саміту», – падкрэсліў Олаф Шольц.

Але галоўнае пытанне парадку дня – супрацьдзеянне расейскай агрэсіі ва Украіне. У межах саміту «Вялікая сямёрка» плануе абмеркаваць абмежаванне коштаў на расейскую нафту. Аб’яднаная Еўропа дэкларуе паэтапную адмову ад расейскіх вуглевадародаў.

«На еўрапейскім саміце на мінулым тыдні мы прынялі рашэнне аб калектыўным адказе. У Еўразвязе мы пастанавілі паступова адмовіцца ад нашай энергетычнай залежнасці ад расейскага выкапнёвага паліва, дыверсіфікуючы крыніцы энергіі, паскараючы выкарыстанне аднаўляльных крыніцаў энергіі ды падвышаючы энергаэфектыўнасць», – заявіў прэзідэнт Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль.

Сёння ЗША, Вялікая Брытанія, Японія і Канада дамовіліся пашырыць санкцыі супраць Крамля. Бліжэйшым часам яны ўвядуць забарону на імпарт расейскага золата. Брытанскі прэм’ер Борыс Джонсан заклікаў іншых удзельнікаў «сямёркі» далучыцца да байкоту.

«Экспарт золата ў розныя гады то на другім, то на трэцім месцы з пункту гледжання даходаў расейскага бюджэту. Гэта каласальныя сумы, каласальная колькасць людзей занятая ў гэтым промысле, цэлая галіна, якую ў Расеі перапрафіляваць няма куды. Цэлыя рэгіёны, якія жывуць з гэтых даходаў, з залатых капалень. Вядома, гэта вельмі сурʼёзны ўдар па Расеі», – падкрэслівае палітолаг Алег Саак’ян.

«Вялікая сямёрка» закончыць працу ў аўторак, 28 чэрвеня. А той жа дзень у Мадрыдзе адкрыецца саміт NATO. Чакаецца, што на ім будзе разгледжаная новая стратэгічная канцэпцыя Альянсу, у якой Расея будзе абазначаная як самая сурʼёзная пагроза паўночнаатлантычнаму блоку.

Антон Каменскі, Белсат