Чаму ціснуць на няўрадавыя арганізацыі?


Пасля ПЭН-цэнтру ды БАЖу – рух «За свабоду». Да 13-га ліпеня грамадскае аб’яднанне мусіць прадставіць у міністэрства юстыцыі запатрабаваныя 25 дакументаў.

«Гэта і пратаколы кіроўных органаў, і выходная і ўваходная перапіска, а таксама інфармацыя пра фінансавыя сродкі, пра маёмасць, пра ўдзел у нейкіх мерапрыемствах і гэтак далей, то бок поўны комплекс пытанняў якія датычаць дзейнасці арганізацыі», – пералічвае старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

Яшчэ дзве грамадскія арганізацыі Вярхоўны суд днямі ліквідаваў з ініцыятывы Міністэрства юстыцыі. Гэта «Беларуская асацыяцыя жанчын-юрыстаў» і Аналітычны цэнтр «Стратэгія». Маўляў, абедзве арганізацыі цягам трох гадоў не падавалі ў Мінюст у належны тэрмін інфармацыю пра сваю дзейнасць. Эканаміст Яраслаў Раманчук, які кіраваў «Стратэгіяй», адзначыў, што вынік разгляду справы ў судзе быў прадказальным:

«Канфлікт пачаўся з пачатку 2000-ных, калі заблакавалі нашу дзейнасць фармальна, заблакавалі шмат грошай, быццам мы не заплацілі падаткі, хаця мы падпадалі пад гуманітарную дапамогу. І з той пары мы асобна, а мінюст і ўлада асобна».

Юрый Губарэвіч падкрэслівае, што яшчэ некалькі год таму міністэрства юстыцыі ўвогуле не цікавілася дзейнасцю зарэгістраваных грамадскіх арганізацыяў. Пазней стала патрабаваць штогадовых справаздачаў, а летась зʼявілася дадатковае патрабаванне – паведамляць пра рух фінансаў на рахунку. Мэта ж цяперашніх праверак, на думку палітыка, – збор інфармацыі пра непадпарадкаваныя дзяржаве арганізацыі.

«Я думаю гэта выкананне распараджэння асобаў, якія кіруюць краінай аб тым што трэба ўсіх пераправерыць, ператрэсці, паглядзець, хто лаяльны, хто нелаяльны і менавіта па такім крытэры рабіць высновы, хто застанецца зарэгістраванай арганізацыяй, а каго будуць ліквідаваць», – лічыць Юрый Губарэвіч.

Гэтак званыя рэйды на недзяржаўныя арганізацыі адбываліся і раней, цяпер жа ўлады ўзяліся за найбольш буйныя і ўплывовыя з іх, адзначае філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Узяліся – бо баяцца ўсялякай несанкцыянаванай актыўнасці.

«Самаарганізацыя актыўнасці чалавечай, якая дае магчымасці грамадзянам нешта супольна рабіць, а наш рэжым, які ўсталяваўся ў Беларусі, увогуле не трывае нічога аўтаномнага ад дзяржавы», – кажа Уладзімір Мацкевіч.

А якія недзяржаўныя арганізацыі ведаюць беларусы? Запыталіся мы ў жыхароў Берасця.

«Я не ведаю ніякіх».

«Менавіта дзяржаўныя партыі няхай будуць, вось моладзевыя партыі, такія партыі я падтрымліваю».

«Беларускія? Ды ніякіх».

«БНФ, АГП, Белая Русь, прафзвязы розныя, БАЖ, якая на жаль не задавальняе ўладу, саюзы пісьменнікаў, саюзы кампазітараў».

Уладзімір Мацкевіч лічыць, што адным падпарадкаваннем недзяржаўных арганізацыяў рэжым не задаволіцца:

«Спадзяюся, што гэты ціск, гэтая зачыстка пяройдуць тую рысу за якой канчаюцца беларуская талерантнасць і цярплівасць і ўрэшце людзі зразумеюць што адсядзецца пры гэтым рэжыме не ўдасца».

Цяперашняя ўлада на думку Уладзіміра Мацкевіча, імкнецца зрабіць з Беларусі стэрыльную краіну, населеную паслухмяным народам без непадкантрольнай актыўнасці.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»