Форум у Давосе ўпершыню за 30 гадоў прайшоў без прадстаўнікоў Расеі


Свет глабальны, як ніколі дагэтуль. Адным з прыкрых пацверджанняў гэтага ёсць вайна Расеі супраць Украіны, за якой сочаць сёння літаральна ўва ўсім свеце. Каб далёка не хадзіць, са станоўчых прыкладаў глабалізацыі можна назваць магчымасць дапамагчы ўкраінцам таксама літаральна з кожнага кутка планеты. Гэткія разважанні прагучалі ў часе сёлетняга Усясветнага эканамічнага форуму ў Давосе.

У швейцарскім Давосе завершыўся сёлетні Усясветны эканамічны форум. Галоўнымі тэмамі чакана сталіся вайна ва Украіне і наступствы расейскага ўварвання, у тым ліку глабальны голад і галеча. Упершыню за 30 гадоў на форум не запрасілі прадстаўнікоў Расеі.

«Закрываючы сустрэчу, я хачу ўзгадаць усе вынікі, якіх мы дасягнулі разам за гэты тыдзень. Гэта напамін для ўсіх нас, што нам лепш у свеце, дзе мы сустракаемся і дзеем разам, чым у свеце, дзе кожны паасобку. Мы павінны ўзнавіць бяспройгрышны варыянт не «прасі суседа», а «дапамажы суседу», – кажа прэзідэнт Усясветнага эканамічнага форуму Бёрге Брэндэ.

А вось у пытанні, як развязаць глабальныя наступствы расейскага ўварвання ва Украіну і як дапамагчы Украіне спыніць гэтую вайну, не абышлося без скандалаў. Гэтак, прапанова былога дзяржсакратара ЗША Гэнры Кісінджэра, каб Украіна саступіла частку сваіх тэрыторыяў Крамлю дзеля міру, выклікала хвалю абурэння. У тым ліку – прэзідэнта Украіны.

«За ўсімі тымі геапалітычнымі меркаваннямі тых, хто раіць Украіне штосьці аддаць Расеі, вялікія геапалітыкі заўжды не хочуць бачыць звычайных людзей, звычайных украінцаў. Мільёны тых, хто ўласна і жыве на тэрыторыі, якую яны прапаноўваюць абмяняць на ілюзію міру. Трэба заўжды бачыць людзей і памятаць, што каштоўнасці – гэта не проста слова», – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Зрэшты, калі гуманістычных каштоўнасцяў і салідарнасці не дастаткова, то нават прагматычна для Захаду дапамагаць Украіне – выгодна, падкрэслівае палітолаг Яўген Магда. І тлумачыць: будучае аднаўленне Украіны станецца найвялікшай будоўляй у Еўропе пасля 1945-га года.

«Гэта ўсё і ў інтарэсах Еўразвязу. Бо аднаўленне эканомікі і інфраструктуры найвялікшай еўрапейскай дзяржавы здольнае даць імпульс самой эканоміцы Еўрапейскага Звязу», – тлумачыць украінскі палітолаг Яўген Магда.

Асобным чырвоным радком на форуме прагучала тэма глабальнага харчовага крызісу, які пагражае чалавецтву ў выніку вайны Расеі супраць Украіны. У заблакаваных агрэсарам украінскіх партах застаюцца больш за 20 мільёнаў тон збожжа, якія меліся трапіць на міжнародныя рынкі.

«Пандэмія і расейская вайна пагражаюць скіраваць у адваротны бок прагрэс, дасягнуты за апошнія дзесяцігоддзі. Гэта асабліва трагічна адбіваецца на змаганні з голадам і беднасцю. Калі мы не прымем тут хуткіх і рашучых контрзахадаў, нам пагражае самы вялікі голад у свеце за апошнія дзесяцігоддзі», – кажа канцлер Нямеччыны Оляф Шольц.

Крэмль цвердзіць, што гатовы на дэблакаду партоў узамен на частковую адмену заходніх санкцыяў. Дарэчы, прапановы прыслухацца да гэткага варыянту, якія таксама прагучалі на форуме, выклікалі чарговы скандал. Наступная штогадовая сустрэча ў Давосе запланаваная на 15–20-га студзеня 2023 года.

Валера Руселік, Белсат