Захоп самалёта «Ryanair» – што на гэта апазіцыя і Захад?


Да краінаў свету і міжнародных арганізацыяў, якія асудзілі паветранае пірацтва беларускіх сілавікоў, далучыўся блок NATO.

Сёння Паўночнаатлантычная рада выступіла з заявай, дзе запатрабавала ад афіцыйнага Менску тэрмінова вызваліць Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу.

Рэакцыя апазіцыі – рыхтаванне да актыўнай фазы пратэсту. У Вільні адбылася першая сустрэча. Між іншага, офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, штаб Валерыя Цапкалы, «Bypol» абмеркавалі ўзмацненне міжнароднага ціску, пашырэнне кантакту з чыноўнікамі ў Беларусі, нарошчванне партызанскага руху, амністыю і рэабілітацыю ўдзельнікаў пратэсту.

«Толькі камбінацыя ціску знутры праз самаарганізацыю, праз правядзенне акцыяў пратэсту, праз стварэнне падполля, гэтага негвалтоўнага супраціву ў спалучэнні з ціскам звонку: палітычнай ізаляцыяй, эканамічнай, дыпламатычнай ізаляцыяй рэжыму – гэта будзе мець эфект», – упэўнены дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

А як адрэагавалі беларусы на навіну пра пазапланавае прызямленне самалёта «Ryanair» у Менску? Жыхары сталіцы абураныя здарэннем:

  • «Я ў шоку, гэта ненармальна, нечалавечна, неадэкватна».
  • «Тэрыторыя Беларусі – гэта тое месца, дзе ўвогуле небяспечна не толькі знаходзіцца, але папросту нават перасякаць, яшчэ неяк. Гэта дзіўна».
  • «Ну як гэтую сітуацыю можна прыняць? Станоўчага нічога ў гэтым не бачу».

Увесь свет востра адрэагаваў на інцыдэнт. Медыі ды заходнія палітыкі называюць яго тэрарыстычным актам, паветраным пірацтвам. Лукашэнку ж – дыктатарам і пагрозаю Еўрапейскаму Звязу. У чэрвені Еўразвяз плануе ўвесці новы пакет санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Новыя санкцыі абмяркоўваюць і ЗША.

Прэзідэнт краіны Джо Байдэн паведаміў, што гэтае пытанне ўжо абмяркоўваюць:

«Гэта ў распрацоўцы. Я не хачу спекуляваць, пакуль мы не закончым».

Абноўлена
Польшча, Латвія, Літва, Славакія, Фінляндыя, Чэхія і Швецыя закрылі сваё неба для Беларусі. Хто яшчэ
2021.05.26 18:45

Агенцтва Еўразвязу ў пытаннях бяспекі авіяпералётаў загадала абмінаць Беларусь. Саміт Еўразвязу заклікаў забараніць палёты беларускіх авіякампаніяў у Аб’яднаную Еўропу. Рашэнне яшчэ не ўхваленае, але асобныя краіны і авіякампаніі пастанавілі абмінаць Беларусь ці не пускаць беларускія авіярэйсы да сябе.

Гэтак, да Барселоны не даляцеў самалёт з Менску, яго павярнулі на мяжы з Польшчаю. Пілотаў папярэдзілі, што ўзнікнуць праблемы з уваходам у паветраную прастору Францыі. Самалёт пакружляў над Берасцейшчынаю, каб скінуць паліва ды вярнуцца ў Менск.

Абноўлена
Самалёт «Белавіі» кружляў над Берасцейшчынай. Польшча растлумачыла, што гэта было
2021.05.26 16:19

«Гэта выглядае як вельмі хуткая рэакцыя з Еўразвязу, і яна сапраўды закранае больш менавіта беларусаў унутры краіны. 10:53-11:07 Я б спадзявалася, што гэтыя абмежаванні будуць мець асаблівы характар альбо будзе знойдзенае іншае, больш канструктыўнае рашэнне, як так зрабіць, каб бараніць інтарэсы менавіта беларусаў унутры краіны», – каментуе аналітык BISS Кацярына Шмаціна.

Мы запыталіся ў эксперткі, як будзе развівацца палітыка нашай краіны пасля міжнароднага скандалу:

«Далейшы шлях – гэта далейшая ізаляцыя і тое ж закрыццё межаў, абрыванне міжнародных кантактаў. І ў гэты час адбываюцца рэпрэсіі, каб напужаць беларусаў да той ступені, каб яны папросту перасталі праяўляць якую-небудзь палітычную альбо грамадскую актыўнасць».

А пакуль Захад працягвае ціснуць на рэжым. Міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» падала заяву ў Генеральную пракуратуру Літвы аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні Лукашэнкі.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»