Лукашэнка прыгразіў Захаду спыненнем стасункаў


«Супраць нас вядуць вайну» – гэтак Лукашэнка ацаніў захады краінаў Еўрапейскага Звязу, прынятыя ў адказ на прымусовую пасадку рэйсу Афіны – Вільня ў Менску і затрыманне журналіста Рамана Пратасевіча ды ягонай дзяўчыны Сафіі Сапегі.

«Яны пераступілі мноства чырвоных лініяў, перайшлі межы здаровага сэнсу і чалавечай маралі. Гэта ўжо не інфармацыйная вайна – гэта гібрыдная сучасная вайна. Трэба зрабіць усё, каб яна не перарасла ў гарачую», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка назваў Беларусь палігонам і эксперыментальнаю пляцоўкаю перад кідком на Усход. Ён абвінаваціў Захад у, цытата, «пераходзе ад бунтаў да здушэння» і адначасова запатрабаваў скампенсаваць выдаткі за інцыдэнт з самалётам.

Аналітыка
Лукашэнка выступіў перад дэпутатамі. Што ён сказаў – і што з гэтага праўда
2021.05.26 16:17

«Агульнае шальмаванне беларускага народу і дзяржавы стала звычайнай з’явай на Захадзе. Пад праваабарончай маркай Захад атакуе суверэнітэт нашай краіны. Хочуць знішчыць нашу дзяржаўнасць і пасадзіць на трон падабраных за мяжою качак», – сказаў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Ён пагражае Захаду спыненнем супрацы ў пытаннях нелегальнай эміграцыі, гуманітарных праектах ды іншых кірунках. Міграцыйная тэма выкарыстоўваецца беларускім бокам для шантажу не ўпершыню.

«Беларусь гатова адчыніць мяжу для нелегалаў, для злачынцаў, і няхай поўнай лыжкай тады Еўропа ўсё гэта сёрбае. Вось гэта ўсё, канечне, вельмі не пажадана для Еўразвязу. Што тычыцца эканамічных стасункаў, то тут надта насыпаць Захаду солі на хвост Менск не можа. Тут хутчэй атрымаецца па прынцыпе «назло маці вушы адмарожу», – тлумачыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

«ХАМАС, не ХАМАС – якая розніца? А сігнал пра бомбу паступіў са Швейцарыі» – заявіў Лукашэнка. Афіцыйны Бэрн адказаў, што нічога пра мініраванне рэйсу не ведаў.

Кіеў і Львоў абверглі словы Лукашэнкі, нібыта іх аэрапорты не хацелі прыняць самалёт у сябе. А заяву пра Рамана Пратасевіча, цытата, «што падонак забіваў людзей у брацкай Украіне», зняпраўдзіў экс-камандзір батальёну «Азоў». Ён сказаў, што Раман не ваяваў, а працаваў на ўсходзе Украіны як журналіст.

«Кожная фраза і кожная тэза выклікае пытанні. Вось, напрыклад, ключавая тэза Лукашэнкі, што ён хацеў абараніць беларусаў ад небяспекі. Але ж тады трэба было проста дазволіць гэтаму лайнеру зляцець у Літву – там 2 хвіліны да мяжы», – кажа Класкоўскі.

Абноўлена
Польшча, Латвія, Літва, Славакія, Фінляндыя, Чэхія і Швецыя закрылі сваё неба для Беларусі. Хто яшчэ
2021.05.26 18:45

Краіны Еўразвязу і Рада НАТО асудзілі дзеянні ўладаў Беларусі як незаконнае ўмяшанне ў працу грамадзянскай авіяцыі ды патрабуюць вызваліць затрыманых пасажыраў. На чыім баку праўда, мы запыталі ў жыхароў Віцебску:

  • «Усё ж такі самалёт павінен быў ляцець у Вільню, бо яна бліжэй».
  • «Не мы гэта прыдумалі, а яны гэта ўсё ўсчалі, і я лічу, што наш прэзідэнт мае рацыю».
  • «Ну, нельга проста самалёт садзіць, яўна. Калі ХАМАС цябе асуджае, ясна, ты робіш нешта не тое».
  • «Мне падаецца, Аляксандру Лукашэнку трэба неяк не ваяваць, а сябраваць менавіта».

Аляксандр Класкоўскі лічыць, што абвінавачванні ўладаў Беларусі у бок Захаду пасыпаліся з дзвюх прычынаў: каб адвесці ўвагу ад інцыдэнту і згуляць на антызаходніх струнах Крамля перад сустрэчаю з Пуціным у Сочы.

Ірына Карніенка, «Белсат»