Галадоўніцы ў Варшаве і Вільні заклікалі прызнаць рэжым Лукашэнкі тэрарыстычным


Бестэрміновую галадоўку абвесцілі беларусы ў Варшаве і паставілі намёт ля прадстаўніцтваў Еўракамісіі ды Еўрапарламенту ў Польшчы. У Вільні таксама сабраліся нашыя суайчыннікі – ля амбасады Нямеччыны. Мэта агульная: прыцягнуць увагу да сітуацыі ў Беларусі ды ўвесці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Мы абвяшчаем бестэрміновую галадоўку ля офісу Еўразвязу ў Варшаве і патрабуем прызнаць рэжым Лукашэнкі тэрарыстычным ды неадкладна ўвесці эканамічныя санкцыі для выратавання жыццяў палітвязняў».

З гэткімі словамі беларусы Польшчы звяртаюцца да Еўропы і просяць дапамогі». Галадоўка – адна з самых яркіх формаў пратэсту, таму арганізатары абралі такі фармат.

«Калі ніхто нас не чуе, калі мы проста кажам, нават калі мы крычым, то мы прымяняем дастаткова жорсткія спосабы, каб прыцягнуць увагу», – адзначае арганізатарка акцыі ў Варшаве Бажэна Шамовіч.

Жыхары Варшавы выказваюць падтрыманне і спачуваюць.

«Я з вамі з 9 жніўня 2020 года. Вы цярпіцё цягам 26 гадоў. Гэта цяжка сабе ўявіць. Гэты страшны чалавек мог бы спакойна аддаць уладу, ён жа багаты (пра што мы даведаліся ад Рамана: 18 палацаў, велізарнае багацце), і мог бы спакойна жыць недзе ў іншым месцы, але не хоча аддаць улады», – кажа Бажэна Дудко, якая прыехала выказаць салідарнасць.

Да галадоўкі далучыліся яшчэ двое беларусаў:

«Гэтыя падзеі мне эмпатычныя, таму што сама была студэнткай, саму мяне затрымлівалі, са мной праводзілі допыты… Калі ты бачыш іншых людзей, якіх жыццё ставіць у сітуацыю яшчэ горшую, то ты не можаш нічога не рабіць», – кажа Дзіяна Ігнаткова, якая далучылася да галадоўкі.

«Беларускі пратэст мае жаночае аблічча, я б хацеў гэта нівеліраваць (у добрым сэнсе слова). Мы, мужчыны, мы для гэтага народжаныя, каб адстойваць правы», – дзеліцца Дзмітрый Кудзялевіч, які далучыўся да галадоўкі.

Прадстаўніцтва Еўракамісіі ды Еўрапарламенту дазволіла паставіць намёт ля будынку, за парадкам сочыць паліцыя.

«Цяпер я псіхалагічна размяжоўваю паняцці «паліцыя» і «міліцыя». Паліцыя – гэта для мяне тыя людзі, хто мяне ахоўвае, а міліцыя – тыя, хто мяне б’е», – адзначае арганізатарка акцыі ў Варшаве Стася Гліннік.

Hавiны
Нямеччына асудзіла відэа з «прызнаннем палоннага» Пратасевіча
2021.05.26 18:13

Сабраліся сёння і беларусы ў Вільні – каля амбасады Нямеччыны. З плакатамі ў руках яны патрабавалі ад нямецкага ўраду прыняць больш жорсткія захады і санкцыі ў дачыненні Лукашэнкі:

  • «Для нас важна дагрукацца да Германіі, бо яна ў складзе G7 і пры гэтым ніяк не ўплывае на Лукашэнку, хоць ён і працягвае сусветны тэрор і прадстаўляе пагрозу не толькі для беларусаў, але і для ўсяго сусветнага грамадства».
  • «Каб іншыя краіны, такія як Германія, дапамаглі нам перамагчы ў гэтай барацьбе з дыктатарам».
  • «Выходзілі, выходзім і будзем выходзіць, пакуль Лукашэнка будзе ва ўладзе!»

Заўтра беларусы ў Вільні выйдуць да амбасады Францыі, паслязаўтра – да амбасады ЗША з патрабаваннямі больш жорсткіх санкцыяў. Беларусы ж у Варшаве заявілі, што пікетаваць будуць, пакуль не дамогуцца свайго.

Каця Малей, «Белсат»